Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 красавіка 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Напярэдадні гадавіны Чарнобыльскае катастрофы гэтак званы "Нацыянальны сход" правёў чарнобыльскія слуханьні.

Слуханьні прайшлі вельмі спакойна й нагадвалі традыцыйную справаздачу. Найбольш цікавым і сапраўды ўсхваляваным быў выступ намесьніка кіраўніка Гомельскага вабласнога выканаўчага камітэту Ўладзімера Цалко. Ён прапанаваў перагледзець бюджэтнае фінансаваньне, якое выдаткоўваецца на пацярпелыя ў выніку Чарнобыльскае катастрофы рэгіёны.

Паводле словаў спадара Цалко, было б значна лепей, каб грошы, якія выдаткоўваюцца на сельскагаспадарчую вытворчасьць, навогул не накіроўваліся ў забруджаныя раёны. Намесьнік старшыні абласнога выканаўчага камітэту лічыць, што гэтыя сродкі варта аддаваць у іншыя рэгіёны, каб яны маглі вырабляць чыстую прадукцыю і дасылаць яе ў пацярпелыя раёны.

Спадар Цалко падкрэсьліў, што сёньня йснуюць жорсткія пляны павелічэньня вытворчасьці збожжа, мяса й малака ў забруджаных раёнах. Ён заявіў: "Мы 14 гадоў атрымліваем і ўжываем забруджаныя прадукты".

Уладзімер Цалко таксама вельмі жорстка выказаўся ў сувязі з тым, што на мяжы забруджанай зоны былі зьнятыя міліцэйскія кардоны. Ён сказаў: "У свой час знайшліся разумнікі зь Міністэрства нутраных справаў, якія зьліквідавалі ахову зоны. Гэта дорага абыйдзецца нашаму насельніцтву".

Да таго ж спадар Цалко лічыць неабходным, каб заканадаўча людзям было забаронена вяртацца ў забруджаныя раёны. Паводле ягоных словаў, "самасёлы ня маюць права рызыкаваць жыцьцём сваіх дзяцей і будучых пакаленьняў. На жаль, іх колькасьць павялічваецца. Дзяржава мусіць сілаю выслаць іх зь небясьпечных мясьцінаў".

Іншыя выступы – у прыватнасьці, прамова старшыні гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" Анатоля Малафеева й старшыні чарнобыльскага камітэту Івана Кеніка – былі простымі справаздачамі пра тое, як дорага абышлася Беларусі Чарнобыльская катастрофа і як дзяржава непакоіцца пра наступствы выбуху. Яны скардзіліся, што не хапае грошай.

XS
SM
MD
LG