Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 красавіка 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Чатырнаццатую гадавіну Чарнобыльскай трагедыі магілеўскія ўлады будуць адзначаць заўтра вельмі сьціпла. Нават традыцыйнага мітынгу-рэквіема ля помніку ахвярам Чарнобыля ў Магілеўскім Інстытуце экалягічнай і прафэсійнай паталёгіі не адбудзецца – вертыкальшчыкі прыедуць туды толькі на чвэрць гадзіны ўскласьці кветкі і адстаяць хвіліну маўчаньня.

Настрой чынавенства на Магілеўшчыне абсалютна адэкватны дазволуАляксандра Лукашэнкі жыць пацярпелым ад радыяцыі там, дзе ім хочацца і як хочацца. Калі ў ранейшыя гады адказныя за чарнобыльскія праблемы распавядалі ў сродках масавай інфармацыі пра жахлівыя наступствы радыяцыйнае навалы, рабілі справаздачы зь лічбамі, давалі парады, кляліся, што ўсё нарэшце будзе выкананае,то сёлета выказваюцца меркаваньні пра няправільную пазыцыю дактароў, якія пасьля аварыі практычна запалохалі беднае насельніцтва.

Адзінае, на што зьвяртаецца пільная ўвага, дык гэта на тое, што за чатырнаццаць гадоў узровень радыяцыйнай небясьпекі зьнізіўся прыкладна на чвэрць. Людзям унушаецца, што жыцьце, напрыклад, у хімічна забруджаным Магілеве нічым ня лепей за жыцьцё на тэрыторыях свабоднага адсяленьня, а паняцьце зоны само па сабе вельмі ўмоунае. Такое стаўленне з боку дзяржавы ўздзейнічае на сьвядомасьць тых, хто жыве ў гэтай зоне. Іншая частка праблемы – беднасць, таму даўно у радыяцыйна забруджаных весках і дзеці, і дарослыя кінулі зьвяртаць увагу нават на прымітыўныя правілы бясьпекі. Калі няма чаго есьці, то грыбы ды ягады з радыяцыйных лясоў, бульба і гародніна з забруджанай зямлі выратоўвае, а кюры і пікірэлі ня маюць значэньня.

Даўно забыліся на правілы бясьпекі ў сельскіх гаспадарках, усе роўна і на самыя простыя сродкі аховы грошай няма. У чарнобыльскіх раёнах Магілеўшчыны зашмат праблемаў, іхнія кіраўнікі ўжо здаецца стаміліся час ад часу прад'яўляць доўгія лісты з пытаньнямі, якія патрабуюць неадкладнага разгляду і вырашэньня. Дадамо, і фінансаваньня.

Але калі грашовыя праблемы ставяць, напрыклад, у Краснапольскім раёне пад сумнеў дзіцячае харчаванне ў школах ды па паўгады вышукваюцца сродкі на заработную працу сялянам, дык ці мае сэнс нагадваць абласному начальству пра рэнтгенапарат у Краснапольскай лякарні, які даўно зламаўся, а новага ўжо колькі гадоў не даюць.

Назаўтра ў Магілеве заплянаваная яшчэ некалькі афіцыйных мерапрыемстваў, напрыклад, сустрэча старшакляснікаў зь ліквідатарамі, але грамадзкасьць на ніводную зь іх адкрыта не запрошаная.Тыя ж, хто захоча ўспомніць у гэты трагічны дзень пра ахвяраў чарнобыльскай навалы ўвечары прыйдуць у касьцёл Сьвятога Станіслава і сабор трох Сьвяціцяляў, дзе а шостай гадзіне ўвечары пачнуцца набажэнствы. Іх замовіла каардынацыйная нарада прадстаўнікоў дэмакратычных палітычных і грамадзкіх арганізацый абласнога цэнтру.

Пасьля набажэнствау плануецца прайсьці па вуліцы Першамайскай і на пляцоўцы каля фантанаў удзельнікі акцыі стануць жывым крыжам, запаляць сьвечкі і хвілінай памяці і смутку адзначаць самую трагічную падзею ў найноушай гісторыі Бацькаўшчыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG