Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 красавіка 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

Напярэдадні чарговых угодкаў Чарнобыльскае катастрофы ў Гомлі зьявіліся ўлёткі за подпісам сяброў БНФ, Аб'яднанай Грамадзянскай партыі, Свабоднага прафсаюзу, Фэдэрацыі анархістаў.

Актывісты згаданых суполак зьвяртаюцца да гараджанаў з напамінкам пра Чарнобыльскую катастрофу, якая прынесла на Гомельшчыну сьмерць і хваробы, зрабіла квітнеючае Палесьсе непрыдатнай для жыцьця зонай.

"У зону, – сказана далей ва ўлётках, – ператварыла нашае жыцьцё і дыктатура Лукашэнкі: у Беларусі дэкрэты, указы, законы выдаюцца не для таго, каб палепшыць жыцьцё чалавека, а каб пазбавіць яго элемэнтарных правоў. Вось і гомельскія ўлады ўжо некалькі гадоў запар забараняюць гараджанам праводзіць традыцыйны чарнобыльскі мітынг-рэквіем. А ці могуць улады забараніць нам маўчаць? Ня могуць. Таму мы запрашаем гараджанаў 26 красавіка з 18 да 19 гадзінаў прыйсьці ў Цэнтральны сквэр па вуліцы Савецкай і прыняць удзел у гадзіне смутку па ахвярах Чарнобылю – радыяцыйнага, эканамічнага, палітычнага. Мы ня будзем праводзіць ні мітынгу, ні шэсьця, ні пікету. Мы проста запрашаем вас правесьці гадзіну разам".(канец цытаваньня)

Такі крок актывістаў дэмакратычных суполак цалкам зразумелы. Яшчэ 19 красавіка гарвыканкам адмовіў у правядзеньні мітынгу гарадзкому аб'яднаньню "Саюз беспрацоўных", а таксама Віктару Ялфімаву і Алесі Кацапавай, якія падалі заявы на мітынг як прыватныя грамадзяне.

"Саюзу беспрацоўных" было адмоўлена на той падставе, што 10 красавіка абласны суд прыняў рашэньне аб ліквідацыі аб'яднаньня, хаця вырак суду ў дзень адмовы яшчэ не ўступіў у законную сілу. Спадарам Ялфімаву і Кацапавай гарвыканкам параіў зьвяртацца ў аблвыканкам, бо яны заявілі, што ў мітынгу возьмуць удзел тры тысячы чалавек. На столькі мітынгоўцаў, паводле ўказу кіраўніка дзяржавы, дазвол мусіць даваць абласны вертыкальны ворган. Так што гадзіна маўчаньня ў Цэнтральным сквэры на ініцыятыву апазыцыі, па сутнасьці, адзіная вулічная акцыя ў нашым горадзе.

Што тычыцца найбольш пацярпелых ад радыяцыі райцэнтраў, то там пройдуць толькі афіцыйныя мітынгі ды ўскладаньне вянкоў да сумных чарнобыльскіх помнікаў. У прыватнасьці, у Нароўлі і Брагіне такія мітынгі заўтра маюць адбыцца з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, да прылёту якога мясцовае начальства рыхтуецца ўжо больш як тыдзень. У Брагіне ў парку Лукашэнка пасадзіць нават дрэўца на месцы
спілаваных з-за радыяцыі старых дрэваў.

XS
SM
MD
LG