Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 красавіка 2000 г.


Алена Радкевіч

Шмат у якіх посткамуністычных краінах выбары не прывялі да кантролю насельніцтва над сваімі ўрадамі. У выніку многія аналітыкі пачалі сьцьвярджаць, што палітычнай дэмакратызацыі грамадзтва павінна папярэднічаць яго лібэралізацыя. Такога пункту погляду прытрымліваецца і навуковец-грамадазнаўца Калюмбійскага Ўнівэрсітэту Джэк Снайдэр. Апошнюю кнігу Снайдэра, прысьвечаную гэтай тэме, камэнтуе Вашынгтонскі аналітык радыё "Свабода" Пол Гобл.

У сваёй нядаўна апублікаванай кнізе пад назовам "Ад выбараў да гвалту" Джэк Снайдэр сьцьвярджае, што неабходнай перадумовай для дэмакратычнага ладу зьяўляюцца: эканамічны рост, стварэньне сярэдняй клясы і грамадзянскай супольнасьці.

Снайдэр таксама востра крытыкуе групы, накшталт Human Rights Watch, якія заклікаюць да публічных дэбатаў і свабодных выбараў у краінах, якім пакуль бракуе такіх кампанэнтаў. Ён піша, што такі падыход абвайстрыў шмат якія праблемы ў гэтых грамадзтвах.

У некаторым сэнсе з аргумэнтацыяй Снайдэра цяжка спрачацца. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што мала ў якіх краінах, дзе грамадзянская супольнасьць яшчэ не ўсталявалася, адбываліся сапраўдныя выбары.

Нават людзі, найбольш адданыя ідэі правядзеньня выбараў у краінах, якія раней ня ведалі дэмакратыі, прызнаюць, што выбары патрабуюць пэўных грамадкіх перадумоваў. Аднак, у Снайдэравым аналізе, на думку Гоўбла, ёсьць небясьпекі.

На самой справе, аргумэнты Снайдэра звычайна ўжываюць тыя, хто хацеў бы, каб ціск, скіраваны на дэмакратызацыю посткамуністычных элітаў, быў зьменшаны – тыя, хто лічыць, што эканамічныя працэсы самі па сабе прывядуць да рэфармоў у гэтых краінах. Такая аргумэнтацыя таксама вельмі даспадобы некаторым посткамуністычным кіраўнікам, якія настойваюць на тым, што іхны народ пакуль "не гатовы да дэмакратыі" – альбо прынамсі да дэмакратыі ў поўным аб'ёме.

Ёсьць тры прычыны, паводле якіх такое разыходжаньне ў пазыцыях паміж заходнімі дзяржавамі і посткамуністычнамі рэжымамі можа зацягнуць працэс дэмакратызыці гэтых апошніх.

Па-першае, незавершаная дэмакратызацыя гэтых грамадзтваў стварыла новую клясу інтарэсаў, супраць якой насельніцтва можа выкарыстоўваць адзіную эфэктыўную зброю: дэмакратыю. Намэнклятурная прыватызацыя, якая адбылася шмат у якіх краінах, прывяла да ўзьнікненьня магутнай клясы алігархаў. І адзіны пэрыяд, калі лідары краінаў гатовыя змагацца з гэтай групай – гэта перадвыбарчая кампанія, калі яны мусяць шукаць падтрымку сярод шырокіх слаёў грамадзтва. Зьмяншэньне ціску, пра які гаварылася раней, прывядзе та таго, што гэтыя алігархі будуць кантраляваць посткамуністычны пераход нашмат даўжэй, у тым ліку ў эканамічнай прасторы.

Па-другое, лібералізацыя грамадзтва можа прывесьці, а можа і не прывесьці да дэмакратыі. Бо нават сам Снайдэр прызнае, што такая лібералізацыя можа быць выкарыстаная нацыяналістамі таго альбо іншага кшталту. "Вызваленьне рэсурсаў праз лібералізацыю, – заўважае Снайдэр, – часта дае элітам шанец накіраваць насельніцтва ў нацыяналістычнае рэчышча. Якраз гэта ён меў на ўвазе і ў назове сваёй манаграфіі "Ад выбараў да гвалту".

Снайдэр кажа, што ў краінах, якія становяцца на шлях дэмакратызацыі, можа зьявіцца 4 тыпы нацыяналізму: контррэвалюцыйны, рэвалюцыйны, этнічны і грамадзкі. І ён адзначае, што тры з гэтых чатырох часта прыводзілі да гвалту і выключалі надзею на ўтварэньне ліберальных дэмакратыяў.

Але ён недастаткова падкрэсьлівае, што адзінае выключэньне з гэтай формулы – грамадзкі нацыяналізм – зьяўляўся толькі там, дзе дэмакратызацыя і лібералізацыя разьвіваліся адначасова, а не апераджалі адна адну. І гэта галоўнае, што трэба падкрэсьліць, а
Снайдэраўская аргумэнтацыя можа прывесьці да таго, што гэтую сувязь праігнаруюць як посткамуністычны сьвет, так і Захад, – піша Пол Гоўбл.

Па-трэцяе, любое зьмяншэньне заходняга ціску, скіраванага на дэмакратызацыю, амаль абавязкова прывядзе лідараў посткамуністычных краінаў да высновы, што ім не абавязкова рухацца ў гэтым напрамку каб прыцягнуць заходнюю падтрымку.

Такое разьвіцьцё ня толькі зьнізіць узровень свабоды для людзей у гэтых краінах, але і закладзе перадумовы для нестабільнасьці і гвалту падчас зьмены пакаленьня палітычных лідараў.

Зразумела, сувязь паміж лібералізацыяй і дэмакратызацыяй – складаная. Але лёгіка і гісторыя падказваюць, што адно не абавязкова прывядзе да другога. "Скажу больш, – піша Пол Гоўбл, – калі прытрымлівацца процілеглага пункту погляду, можна апынуцца перад небясьпекай страты і дэмакратыі, і ліберальнага грамадзтва".

XS
SM
MD
LG