Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 красавіка 2000 г.


Галіна Прыгара, Ню-Ёрк

Урадавыя структуры Злучаных Штатаў Амэрыкі распрацавалі аналітычную нататку для тых амэрыканцаў, якія зьбіраюцца наведаць Беларусь.

Эканамічныя і палітычныя рэформы ў Беларусі замарожаныя цяперашняй уладаю ў краіне, – пішацца ў нататцы. Шмат якія рэчы, звычайныя для заходняга чалавека, недаступныя ў гэтай краіне – вы проста ня зможаце іх купіць. Калі вы проста йдзяце па вуліцы, вас могуць арыштаваць.

Асаблівая пагроза для звычайнага мінака быць арыштаваным існуе пад час правядзеньня масавых акцыяў – адзначаецца ў рэкамэндацыях. Калі вы ў гатэлі карыстаецеся факсам альбо тэлефонам, вы, чалавек з замежжа, мусіце ведаць, што Вас могуць праслухоўваць, і за Вамі, як за замежным турыстам, могуць сачыць спэцслужбы. Гэтую "сьлежку" можа ажыцьцяўляць і пэрсанал гатэляў. Калі Вы робіце фатаздымкі, улады Беларусі могуць вас абвінаваціць у шпіянажы.

Існуе дэфіцыт асноўных мэдычных прэпаратаў, у тым ліку, антыбіётыкаў, сродкаў анэстэзіі. Падарожнікі сталага веку й хранічна хворыя людзі, патрапіўшы ў беларускую лякарню, вельмі рызыкуюць сваім жыцьцём. Таму што мэдычнае абслугоўваньне – не адэкватнае.

Калі Вы ўсё-ткі патрапілі ў шпіталь і патрабуеце сур'ёзнага лячэньня, Вам гэта будзе каштаваць тысячы даляраў. Лекары і мэдычны пэрсанал патрабуюць тэрміновай аплаты сваёй працы наяўнымі грашыма. Замежныя турысты ў Беларусі, – зазначаюць амэрыканскія ўрадавыя экспэрты, могуць быць моцна пакараныя за тыя правапарушэньні, якія ў цывілізаваных краінах парушэньнямі ня лічацца: замежнага турыста могуць у Беларусі арыштаваць за тое, што ён намагаецца нешта купіць за даляры, а не за беларускія рублі.

Пры гэтым, адзначаецца ў інструкцыі, толькі некаторыя крамы прымаюць у Беларусі крэдытныя карткі – Мастэркард і Віза. Але бальшыня гатэляў у Менску гэтыя карткі прымаюць.

Найбольш абсурдным амэрыканцам падаецца наступны пункт рэкамэндацыі: зьняць наяўныя грошы са сваёй крэдытнай карткі можна толькі ў адным месцы ў Беларусі – у менскім гатэлі "Плянэта".

Узровень злачыннасьці ў Беларусі – сярэдні, – пішуць у амэрыканскай урадавай рэкамэндацыі. Але колькасьць нападаў на вуліцах і нападаў на машыны, якія належаць замежным грамадзянам, павялічваецца.

Пры ўезьдзе ў Беларусь амэрыканскі ўрад рэкамэндуе сваім грамадзянам зрабіць абавязкова некалькі копіяў пашпарту і іншых дакумэнтаў. І трымаць іх у розных месцах. Пры любых непрыемнасьцях тэрмінова трэба зьвязацца з амбасадай Злучаных Штатаў ці амэрыканскімі прадстаўніцтвамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG