Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 красавіка 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Намаганьні афіцыйных уладаў Беларусі ўцягнуць у гэтак званы "грамадзка-палітычны дыялёг" новыя арганізацыі не даюць плёну. Гэта вымушаны быў прызнаць сёньня супрацоўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігар Велічанскі.

На прэсавай канфэрэнцыі, якая прайшла сёньня ў Менску, супрацоўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, адказны за гэтак званы "грамадзка-палітычны дыялёг", Ігар Велічанскі паведаміў, што ў гэтую дзею запісаліся 107 розных арганізацыяў.

Падобна, што нечакана для самога сябе спадар Велічанскі ўжыў вельмі трапнае слова – "запісаліся". І сапраўды, толькі так можна расцэньваць наступныя лічбы. У шасьцёх групах экспэртаў, якія або ўжо працуюць, або пачнуць сваі паседжаньні на гэтым тыдні, прадстаўленыя пасланцы ўсяго 42 арганізацыяў. Няхітрая арыфмэтыка паказвае, што ў "дыялёгу" ўдзельнічае менш за палову арганізацыяў, якія, паводле словаў іхных лідэраў, пайшлі сюды, каб вырашаць лёс Беларусі.

Вернемся да лічбы 107. Арганізатары гэтак званага "дыялёгу" неаднаразова запэўнівалі, што колькасьць жадаючых уключыцца ў гэтую дзею будзе няспынна расьці. Але два тыдні таму, паводле таго ж Ігара Велічанскага, было таксама 107 удзельнікаў. Дык дзе ж рост?

На гэтым тыдні, як было заяўлена на прэсавай канфэрэнцыі, у рамках гэтак званага "дыялёгу" пачне працаваць яшчэ адная сэкцыя – у пытаньнях сродкаў масавай інфармацыі. Узначаліць яе Аляксандар Фядута.

Карэспандэнт "BBC" Юры Свірко адразу задаў наступнае пытаньне: галоўная мэта "дыялёгу", паводле ягоных арганізатараў – усталяваньне атмасфэры даверу ў грамадзтве, але ці можа садзейнічаць гэтаму спадар Фядута, які ў свой час узяў на сябе сумна вядомую гісторыю з "белымі плямамі"? Аднак канкрэтнага адказу спадар Свірко так і не атрымаў.

Было паведамлена, што ўжо складзеная і група экспэртаў у пытаньнях мас-мэдыяў. Іхныя дакладныя прозвішчы названыя не былі, але вядома, што гэтую групу камплектаваў афіцыйны Саюз журналістаў Беларусі.

Удзельнікі прэсавае канфэрэнцыі пацікавіліся стаўленьнем спадара Велічанскага да маючага адбыцца "Чарнобыльскага Шляху-2000". Супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі паведаміў, што месца правядзеньня мітынгу зацьверджанае – гэта пляц Бангалёр. І тут аніякіх зьменаў, на ягоны погляд, ня будзе. А вось маршрут, якім туды будуць рухацца маніфэстанты, магчыма, і можна будзе зьмяніць. Зараз, паводле Велічанскага, гэтае пытаньне ўзгадняецца.

Даў прадстаўнік адміністрацыі і сваю ацэнку былому міністру нутраных справаў Юрыю Сівакову. Велічанскі лічыць, што былы міністар зрабіў мужны ўчынак, паколькі фактычна ўзяў на сябе адказнасьць за дзейнасьць сваіх падначаленых у Дзень Волі, 25 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG