Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Што стала прычынаю адстаўкі былога міністра нутраных справаў Юрыя Сівакова? У Беларусі працягваюць аналізаваць адстаўку Сівакова й вылучаць магчымыя вэрсіі гэтае падзеі.

Супрацоўнікі Міністэрства нутраных справаў, якія насуперак службовым інструкцыям рызыкнулі абмяркоўваць тэму адстаўкі былога міністра Сівакова, як адзін пацьвярджалі, што гэтая адстаўка стала для іх цалкам нечаканай. Невядомыя ім і прычыны адстаўкі. "Я сам тут ужо нічога не разумею", – шчыра заявіў супрацоўнік прэсавае службы й на ўсялякі выпадак прасіў не называць ягонае прозьвішча.

Між тым абвешчаную афіцыйна вэрсію пра адстаўку з-за стану здароўя крыніцы ў Міністэрстве нутраных справаў рашуча не прымаюць у якасьці сапраўднай. Паводле зьвестак, Юры Сівакоў на здароўе не скардзіўся, калі не лічыць часовых прыступаў радыкуліту, што для мужчыны за 50 гадоў ня рэдкасьць. Але ў астатнім міністр быў прыкладам для падначаленых, ад якіх патрабаваў ня толькі вонкавай падцянутасьці, але й добрай спартовай формы.

"Сам Сівакоў рэгулярна бегаў кросы й займаўся ў трэнажорнай зале", – заявілі міліцыянты. На іхную думку, карані адстаўкі трэба шукаць у вапошніх палітычных падзеях.

І сапраўды, існуе і актыўна распаўсюджваецца, у тым ліку самімі міліцыянтамі, вэрсія, што адстаўка Юрыя Сівакова зьвязаная з разгонам дэманстрантаў ды затрыманьнем журналістаў 25 сакавіка і з заплянаваным на 26 красавіка "Чарнобыльскім Шляхам".

Згодна з гэтай вэрсіяй, Сівакоў не пажадаў больш заставацца крайнім у шэрагу адказных за сілавое разьвіцьцё падзеяў, а ў тым, што яно будзе такім, ён пасьля забароны чарнобыльскага шэсьця не сумняваўся. Быццам бы Сівакоў спрабаваў пераканаць кіраўніцтва краіны ня йсьці на канфлікт з дэманстантамі, але не ўдалося. Больш таго, яму прыгразілі адстаўкаю. А паколькі 26 красавіка Аляксандра Лукашэнкі ў Менску ня будзе, і таму верагодна, што зноў за ўсё зробяць адказным міністра Сівакова, ён, каб папярдзіць такія падзеі, і сыйшоў сам.

Нагадаю, гэтую вэрсію распаўсюджваюць некаторыя міліцыянты. Пры гэтым дадаюць, што быццам бы пэўныя структуры хуткага рэагаваньня ў міліцыі да начы чакалі ад Сівакова загаду ўмяшацца.

Гэтая вэрсія, аднак скэптычна ўспрынятая некаторымі назіральнікамі. Прыкладам, карэспандэнт газэты "Звязда" Мікалай Дзябёла, які шмат гадоў спэцыялізуецца на міліцэйскай тэматыцы, ня верыць у тое, што былы міністар Сівакоў мог сыйсьці у адстаўку ў знак пратэсту супраць жорсткага абыходжаньня ўладаў з апазыцыяй.

"Ня трэба гераізаваць Сівакова", – папярэджвае журналіст. Асабіста ён лічыць, што прычына адстаўкі хаваецца ў нейкім новым павароце міжкланавых стасункаў. Ня выключана, што гэта – вынік дзейнасьці дзяржаўнага сакратара Віктара Шэймана, якому падалося небясьпечным узмацненьне аўтарытэту Сівакова сярод сілавікоў.

Шмат іншых крыніцаў таксама прытрымліваюцца меркаваньня, што Сівакоў страціў пасаду менавіта празь Віктара Шэймана, які курыруе ўсе сілавые ведамствы. У якасьці доказу называецца тое, што з восені мінулага году стасункі паміж Шэйманам і Сіваковым рэзка пагоршыліся, што не было сакрэтам для супрацоўнікаў ведамстваў.

Аднак Рада Бясьпекі, якую ўзначальвае Віктар Шэйман, дачыненьне свайго шэфа да раптоўнай адстаўкі Сівакова адвяргае. "Шэйман у той час увогуле быў у Маскве, рапарт Сівакова падпісаў Лукашэнка, такім чынам, мы да гэтае падзеі ня маем таго дачыненьня, пра якое вы думаеце", – адказаў супрацоўнік прэсавае службы Рады Бясьпекі Сяргей Верашчак.

Між тым, нагадаю, што аніводная адстаўка былых міліцэйскіх начальнікаў не абыходзілася без непасрэднага ўдзелу Віктара Шэймана. Калі ў 1995 годзе здымалі Юрыя Захаранку, Шэйман прывёў у будынак міністэрства новую ахову й загадаў Захаранку пакінуць кабінэт. Шэйман жа два месяцы да прызначэньня Агальца выконваў абавязкі міністра. Дарэчы, лічыцца, што і Юры Сівакоў патрапіў у міністры дзякуючы Шэйману. Як і новы выканаўца абавязкаў міністра Міхал Удовікоў, які паходзіць зь Берасьця, адкуль Віктар Шэйман і які разам з Шэйманам быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня.

І апошняя, бадай, савая неверагодная вэрсія адстаўкі Сівакова: паводле яе, адстаўка зьвязаная са справаю былое дырэктаркі цырку Тацяны Бандарчук, за якую быццам бы ўступіліся ейныя высокія заступнікі. Ахвяраю гэтага канфлікту нібыта й стаў былы міністар. Такім чынам, калі ў хуткім часе Бандарчук выйдзе на волю, гэтая вэрсія стане галоўнай.

XS
SM
MD
LG