Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 красавіка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У Гарадзкім судзе Менску пачаўся працэс у крымінальнай справе лідэра Cацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Міколы Статкевіча й дэпутата Вярхоўнага Савету Валерыя Шчукіна за ўдзел у "Маршы Свабоды" 17 кастрычніка мінулага году, а Статкевіча – і за правядзеньне акцыі, прысьвечанай Дню Незалежнасці 27 ліпеня. Яны абвінавачваюцца паводле артыкулу 186 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя, або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія пацягнулі масавыя беспарадкі).

За гадзіну да пачатку гэтага судовага працэсу будынак Гарадзкога суду быў ачэплены супрацоўнікамі міліцыі і АМАПу. Жадаючых патрапіць у будынак было шмат. Сярод іх – амбасадары ды іншыя дыпляматы амбасадаў ЗША, Нямеччыны й Францыі, а таксама прадстаўнікі АБСЭ й шмат журналістаў. Усіх іншаземцаў і журналістаў перапісалі й толькі пасьля гэтага дазволілі ўвайсьці ў судовую залю.

Старшыня судовага паседжаньня Ігар Крот назваў усе бакі працэсу: гэта прадстаўнік з боку абвінавачваньня – кіраўнік аддзелу гарадзкое пракуратуры Валеры Пак, адвакаткі Статкевіча й Шчукіна Тацяна Станкевіч і Тацяна Вардомская.

Мікола Статкевіч і Валеры Шчукін хадайнічалі, каб да разгляду справы былі дапушчаныя грамадзкія абаронцы (з боку Статкевіча – спадар Нісьцюк, з боку Шчукіна – спадаp Звозкаў) і суд задаволіў хадайніцтвы.

Пасьля гэтага лідэр "Народнае Грамады" адразу заявіў хадайніцтва, каб судовы працэс вёўся ў беларускай мове. Судзьдзя дазволіў Статкевічу размаўляць па-беларуску й карыстацца паслугамі перакладніка, але адмовіўся весьці працэс цалкам на беларускай мове. Тады Статкевіч катэгарычна патрабаваў перакладніка, спаслаўшыся на тое, што не разумее судзьдзю, калі той кажа па-расейску. Судзьдзя Ігар Крот вымушаны быў абвясьціць перапынак, каб дачакацца перакладніка.

Мікола Статкевіч так пракамэнтаваў сваё рашэньне "Радыё Свабода":

(Статкевіч: ) "Гэтая ўлада мае нахабства называцца беларускай. Яна амаль усё зрабіла для таго, каб Беларусь страціла ўсялякую нацыянальную адметнасьць. 5 гадоў назад улады правялі рэфэрэндум супраць сымболікі й мовы. Мы адзначым гэтую гадавіну 14-га траўня. Паверце, мяне судзяць за мае палітычныя погляды, перакананьні. Робіцца ўсё, каб запалохаць людзей. Мяне вельмі абурыла рашэньне суду", – паведаміў лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч.

Пасьля перапынку заслухалі абвінавачваньне пры дапамозе перакладніка – выкладніка катэдры беларускае мовы БДУ Радзевіча, які атрымаў шмат заўвагаў з залі з-за некарэктнага перакладу.

Галоўнае з таго, што прагучала ў абвінавачваньні – тое, што Статкевіч і Шчукін не змаглі выканаць ускладзеныя на іх абавязкі ў ахове грамадзкага парадку пад час правядзеньня апазыцыйнай акцыі. Гэта вельмі зьдзівіла прысутных, бо заўсёды лічылася, што ахова грамадзкага парадку – абавязак міліцыі.

Пасьля гэтага суд вызначыў парадак вядзеньня працэсу: спачатку апытаньне пацярпелых, потым прагляд апэратыўнае відэакасэты, апытаньне сьведак і дасьледваньне пісьмовых матэрыялаў справы.

На гэты момант судовае паседжаньне працягваецца. Апытваюцца пацярпелыя супрацоўнікі міліцыі Беражняк, Лебядзевіч і Станкевіч. Усяго ў гэтай крымінальнай справе суду давядзецца апытаць каля 70 сьведак.

XS
SM
MD
LG