Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 24 красавіка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

26 красавіка на пляцы Бангалёр у Менску шэраг грамадзкіх чарнобыльскіх арганіцыяў мае намер правесьці ўрачыстую жалобную акцыю, прысьвечаную 14-м угодкам катастрофы на ЧАЭС. Пра гэта было заяўлена сёньня на прэсавай канфэрэнцыі арганізатараў акцыі.

Ініцыятыва правядзення 26 красавіка грамадзкай акцыі на пляцы Бангалёр, прысьвечанае чарговым угодкам Чарнобыльскае катастрофы, належыць дабрачыннаму фонду "26 красавіка". Ягоны прэзыдэнт Міхал Образаў паведаміў сёньня, што гэтую ініцыятыву падтрымаў шэраг іншых грамадзкіх чарнобыльскіх фармаваньняў. У прыватнасьці, менская арганізацыя перасяленцаў з Гомельшчыны й Магілеўшчыны, арганізацыя ліквідатараў Дзяржгідрамэту, арганізацыя ліквідатараў Менскага аўтазаводу, арганізацыя супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў "Шчыт Чарнобылю" ды іншыя.

Спадар Образаў патлумачыў, што грамадзкая акцыя 26 красавіка мае шматгадовую традыцыю. Сёлета яна будзе праводзіцца адзінаццаты раз. Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт ужо задаволіў просьбу арганізатараў і праграму акцыі.

Урачыста-жалобная цырымонія пачнецца а 15-й гадзіне малебнамі праваслаўнага й каталіцкага сьвятароў. Потым выступяць удзельнікі ліквідацыі вынікаў катастрофы й перасяленцы, адбудзецца ўскладаньне кветак да Каменя памяці.

Паводле словаў Образава, такі зьмест акцыі робіць яго апалітычным, што прымальна для ўдзелу ў акцыі асобаў – прыхільнікаў розных ідэялёгіяў і палітычных поглядаў.

Разам з тым Міхал Образаў станоўча ўспрымае заплянаваны на 26 красавіка ваяж Лукашэнкі ў Нараўлянскі й Брагінскі раёны. Адначасова кіраўнік фонду "26 красавіка" падзяляе думку, што цяперашнія ўлады краіны нясуць адказнасьць за пагаршэньне сацыяльна-эканамічных умоваў "чарнобыльцаў". Апроч таго, дзень угодкаў чарнобыльскае трагедыі, павінен, на думку Міхала Образава, мець адмысловы статус:

(Образаў: ) "Гэтую ідэю падтрымлівалі чарнобыльцы і з таго і з гэтага боку, бо сьмерць – яна адна-адзіная, і памяць – яна адзіная, непадзельная. Але два гады таму, у 98-м годзе, мы атрымалі адказ зь міністэрства МЧС, яшчэ таго, якое ўзначальваў Кенік, аб тым, што шэраг грамадзкіх аб'ядньняў, прычым, не чарнобыльскіх, але ўплывовых – уплывовых у гістарычным сэнсе, ёсьць у нас такія гістарычныя грамадзкія аб'яднаньні – не рэкамэндавалі прымаць гэты статус гэтага дня. Я мяркую, што патрэбны гэты статус, каб не даваць падставаў ні аднаму ні іншаму боку правакаваць нейкія дзеяньні, якія могуць прывесьці да канфлікту",

– мяркуе прэзыдэнт дабрачыннага фонду "26 красавіка" Міхал Образаў.

XS
SM
MD
LG