Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 красавіка 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

У Пінску дазволены "Чанобыльскі шлях 2000". Разам з дазволам арганізатары атрымалі й папярэджаньне ня мець сьцягоў і не выкарыстоўваць сымболіку.

Плянуецца, што акцыя пачнецца ў 18.30 на цэнтральнай плошчы гораду, адкуль калёна з удзельнікамі пройдзе вуліцай Леніна да ракі Піна, да гарадзкога парку адпачынку.

Там адбудзецца жалобнае набажэнства й мітынг. Да ўдзелу да Чарнобыльскага шляху запрошаныя сьвятары ўсіх канфэсіяў. Паводле арганізатараў, узяць удзел у акцыі ўжо пагадзіліся сьвятары грэка-каталіцкай і некаторых пратэстанскіх цэркваў.

Цікава, што ў дазвол выканкаму ёсьць пункт, які забараняе выкарыстоўваць пад час акцыі нават зарэгістраваныя сьцягі. У дакумэнце гаворыцца: "Паводле заканадаўства вы ня можаце выступаць ад імя зарэгістраваных палітычных партыяў і выкарыстоўваць іх сымболіку (сьцягі й вымпелы)".

10 красавіка ў пінскім судзе разглядалася справа арганізатараў папярэдняй акцыі – "Дня Волі". Яны абвінавачваліся ў выкарыстаньні сьцягоў палітычных партыяў, на што ня мелі права. Тады арганізатараў апраўдалі. Суд палічыў абвінавачаньні беспадстаўнымі. Аднак улады зноў выстаўляюць супрацьзаконныя патрабаваньні.

На думку мясцовых праваабаронцаў зь мясцовага гэльсынскага камітэту, дзеяньні выканкаму падпадаюць пад артыкул 167 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях – самаўпраўства. Арганізатары кажуць, што на Шлях звычайна пінчукі прыходзяць са сьцягамі з жалобнымі чорнымі стужкамі. І ніхто ня можа гэтага забараніць.

XS
SM
MD
LG