Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 красавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Менскія ўлады адмаўляюцца весьці перамовы з арганізатарамі "Чарнобыльскага Шляху" ў праблеме захаваньня парадку й безперашкоднага праходу калёны да месца правядзеньня мітынгу. Сябры аргкамітэту Шляху ймкнуцца пазьбегнуць супрацьстаяньня й гатовыя да дыялёгу з уладамі, але пакуль вымушаныя ўласнымі сіламі рыхтавацца да забесьпячэньня парадку ў часе акцыі 26 красавіка.

Арганізатары "Чарнобыльскага Шляху" лічаць праблему бясьпекі ўдзельнікаў маніфэстацыі адной з самых галоўных, і ў астатнія да 26 красавіка дні будуць надаваць гэтай праблеме найбольш увагі. Сёньня адбылося паседжаньне кіраўніцтва аргкамітэту Шляху, а ўвечары мае адбыцца шырокая нарада арганізатараў гэтай акцыі.

Сёньня ж старшыня аргкамітэту "Чарнобыльскага Шляху" Іван Нікітчанка накіраваў адмысловы зварот да замежных амбасадаў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацыяў з заклікам "паўплываць на рэжым Лукашэнкі каб пераканаць яго строга прытрымлівацца міжнародных нормаў і пашаны да правоў чалавека 26 красавіка 2000 году". Спадар Нікітчанка ў сваім звароце таксама канстатуе, што рашэньне ўладаў у забароне шэсьця немінуча справакуе канфліктную сытуацыю й масавыя парушэньні правоў чалавека.

Старшыні аргкамітэту "Чарнобыльскага Шляху" чыноўнікі гарадзкога выканаўчага камітэту сёньня заявілі, што не зьбіраюцца мяняць свайго рашэньня адносна забароны шэсьця.

Адміністрацыі некалькіх санаторыяў і дамоў адпачынку, якія знаходзяцца пад Менскам, адмовіліся прадастаўляць свае памяшканьні старшыні камітэту "Дзеці Чарнобыля" Генадзю Грушавому дзеля правядзеньня конкурсу творчасьці чарнобыльскіх дзяцей, прысьвечанаму 14-й гадавіне Катастрофы.

А паводле інфармацыі, апублікаванай "БДГ" напярэдадні Шляху, управа тэхнічнага забесьпячэньня Міністэрства нутраных справаў быццам бы закупіла найноўшыя адмысловыя сродкі для псыхалягічнага й фізычнага ўзьдзеяньня на людзей. Лідэры апазыцыі не выключаюць, што ўлады могуць пайсьці на жорсткі разгон "Чарнобыльскага Шляху".

Чаму ж улады так упарта не жадаюць ісьці на кампрамісы. Вось што думае на гэты конт лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Відавочна, для Лукашэнкі, як для дыктатара нелігітымнага, тым больш жахліва назіраць, як становіцца яўным і для беларускага грамадзтва, і для міжнароднай супольнасьці, пратэст супраць ягонай палітыкі. Як ён становіцца штораз больш масавым, як штораз больш людзей ськідвае з сябе пута страху. І менавіта адсюль вынікае і ягоная рэакцыя на 25 сакавіка, і адсюль вынікаюць роспачныя, гістэрычныя распараджэньні перад 26 красавіка".

– лічыць спадар Вячорка.

Тым ня менш, арганізатары "Чарнобыльскага Шляху" гавораць, што зробяць усё, каб не дапусьціць да супрацьстаяньня дэманстрантаў і міліцыі і заклікаюць адумацца чыноўнікаў, пакуль яшчэ ёсьць час.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG