Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 красавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 22 красавіка)
Сёньня ўвечары каталіцкая Царква ў Беларусі пачынае адзначаць адно з самых галоўных хрысьціянскіх сьвятаў – Уваскрасеньне Ісуса Хрыста.

Галоўнае сёлетняе набажэнства ў менскім Чырвоным касьцёле сьв. Сымона й Алены, якое тэлевізыя будзе трансьляваць на ўсю краіну, пачнецца сёньня а палове на восьмую ўвечары. Усяночную сьвяточную літургію там адправіць нунцый Ватыкану ў Беларусі біскуп Дамінік Грушоўскі.

Амбасадар Апостальскае Сталіцы будзе таксама кіраваць і хросным ходам, якім скончыцца ўсяночнае набажэнства. Ранішняя Вялікодная імша, г.зв. рэзурэкцыя пачнецца ў Чырвоным касьцёле а палове на восьмую ўранку. Акрамя рымска-каталіцкага набажэнства, а 23-й гадзіне сёньня ў касьцеле сьв. Сымона й Алены пачнецца й грэка-каталіцкая (вуніяцкая) ўсяночная служба, якую адправіць а. Андрэй Абламейка.

У менскім Катэдральным саборы Найсьвяцейшае Дзевы Марыі пачатак сёньняшняга начнога набажэнства, што адслужыць біскуп Кірыл Клімовіч, – а 21-й гадзіне. Ранішнюю нядзельную імшу а 7-й гадзіне там адслужыць ватыканскі нунцый.

У касьцёле сьв. Роха на Залатой Горцы пачатак службы сёньня таксама а 9-й гадзіне ўвечары. Той, хто не трапіць на службу ў гэтую бажніцу сёньня, можа зрабіць гэта заўтра а 8-й і 10-й гадзінах раніцы ды 19-й увечары.

Прычым, у нядзелю ў касьцёле сьв. Роха можна ня толькі паўдзельнічаць у службе, ці асьвяціць Вялікодныя яйкі ды іншыя стравы, але й паслухаць канцэрт арганнае музыкі й сьпевы хароў. 23 красавіка там пачынаецца фэстываль духовае музыкі «Залатагорская ліра», які будзе працягвацца тыдзень.

А ў каталіцкай парафіі ў мікрараёне Серабранка (вул. Пляханава, 68 корпус 4) сёньня й заўтра службы пачнуцца адпаведна а 20:30 і 6:30.

У пінскім Катэдральным саборы Вялікодныя набажэнствы сёньня а 7-й увечары й заўтра а 6-й уранку адслужыць кіраўнік каталіцкае Царквы ў Беларусі кардынал Казімер Сьвёнтэк.

Найбольшы ж наплыў вернікаў сёньня й заўтра чакаецца а 19-й і 7-й гадзінах у гарадзенскім Фарным касьцёле, дзе будуць адпраўляць службы мясцовыя біскупы Антон Дзям'янка і Аляксандар Кашкевіч. Гарадзеншчына – навогул, самы каталіцкі рэгіён Беларусі (там знаходзіцца бальшыня каталіцкіх парафіяў краіны).

А ўсяго ў Беларусі на сёньняшні дзень зарэгістравана амаль 400 прыходаў каталіцкае Царквы. Аніякіх культурных акцыяў на Вялікдзень у касьцёлах Горадні ня будзе. Гарадзенскі біскуп Антон Дзям'янка паведаміў нашаму радыё, што Вялікдзень – сьвята больш рэлігійнае, а культурныя акцыі ў касьцёлах звычайна арганізуюцца на Каляды.

Са сваім гарадзенскім калегам салідарны й віцебскі біскуп Уладыслаў Блін. У Віцебску ён адправіць Вялікодную імшу й павіншуе сваю паству з Уваскрэшаньнем Хрыстовым у нядзелю а 6-й гадзіне ўраніцу.

І толькі ў Магілеве Вялікодныя сьвяты будуць мець шырокі размах. Усяночная багаслужба ў магілеўскім касьцёле сьв. Станіслава а 21-й гадзіне, а заўтра набажэнствы там будуць працягвацца цэлы дзень. У перапынках паміж службамі ў магілеўскай катэдры пройдуць канцэрты духовае музыкі.

Хрыстос Уваскрос!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG