Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 красавіка 2000 г.


Вольга Караткевіч

Міжнародная прэса аналізуе мірныя ініцыятывы чачэнскага боку . "Чачэнскі прэзыдэнт Аслан Масхадаў заклікае спыніць агонь", – так называецца артыкул Іана Трэйнэра ў сёньняшняй газэце "The Guardian".

Учора Аслан Масхадаў абвесьціў пра аднабаковае спыненьне агню ў вайне з Расеяй і сказаў, што гатовы да перамоваў у пытаньні ўрэгуляваньня жорсткага шасьцімесячнага канфлікту. Пасьля некалькіх тыдняў дыскусіяў пра ўскосныя перамовы з Владзімірам Пуціным, заява Масхадава выглядае як моцны сыгнал таго, што пошукі мірнага разьвязаньня канфлікту – сапраўды адбываюцца.

"The Guardian" спасылаецца на інтэрвію Аслана Масхадава, апублікаванае сёньня ў расейскай газэце "Коммерсантъ". Масхадаў сказаў, што ягоны загад пра спыненьне агню ўжо мае вынікі. Баі сьціхаюць. Масхадаў заявіў, што загадаў сваім войскам вызваліць усіх палонных расейцаў і ўсіх трыманых закладнікаў.

Крэмль, ськіроўваючы на тэрыторыю паўстанцаў усё новыя сілы, гучна заяўляе пра чачэнскую капітуляцыю.

"Цяперашняя ініцыятыва, калі яна сапраўды ёсьць, паказвае моцнае падзеньне маральнага духу ў шэрагах чачэнскіх байцоў", - заявіў афіцыйны прадстаўнік ураду ў пытаньні Чачні Сяргей Ястржэмбскі.

Масква, якая доўгі час назвывала абранага дэмакратычным шляхам Масхадава незаконным лідэрам і ваенным злачынцам, нядаўна адкрыла каналы для кантактаў зь ім і публічна заявіла, што Масхадаву могуць дараваць меркаваныя злачынствы.

Адна з асноўных прычынаў, паводле якой расейскія ўлады раней адмаўляліся весьці зь ім перамовы, заключаецца ў тым, што, як лічылася, Масхадаў не кантралюе дзеяньняў палявых камандзіраў і ня можа гарантаваць мірнага пагандненьня. Гэтыя падазрэньні яшчэ захоўваюцца, і незразумела, ці ўсе радыкальна ськіраваныя лідэры чачэнцаў будуць выконваць загады Масхадава, у прыватнасьці, загад спыніць агонь.

Масхадаў пераконвае, што ён – галоўнакамадуючы Ўзброенымі Сіламі Чачні, і што ўсе чачэнскія вайсковыя адзьдзелы падпарадкоўваюцца цэнтральнаму камандаваньню і Масхадаву. Аднак Аслан Масхадаў прызнае, што ягоная ўлада распаўсюджваецца не на ўсю тэрыторыю Чачні.

У якасьці ўмовы для перамоваў з Масхадавым Масква заявіла, што ён павінен трымаць пад кантролем найбольш радыкальных палявых камандзіраў і выдаць Хатаба і Шаміля Басаева, найбольш моцнага чачэнскага лідэра паўстанцаў. Аднак наўрад ці Масхадаў можа гэта зрабіць – заўважае "The Guardian".

Дарэчы, сёньня Владзімір Пуцін заявіў, што паводле дадзеных расейскіх спэцслужбаў, чачэнцы ўтрымліваюць закладнікамі больш за 200 чалавек, сярод якіх ня толькі расейцы. Пуцін сказаў (цытую) "Калі Масхадаў хоча весьці перамовы, але ня можа выдаць бандытаў, мы гатовы яму дапамагчы. Няхай ён ідзе на перамовы і разам з намі ловіць бандытаў". Пуцін дадаў "Масхадаў наагул выказвае гатовасьць для ўсяго, але нічога ніколі ня робіць".

Бальшыня экспэртаў гавораць, што цяперашняе зацішша ў баявых дзеяньнях чачэнцы выкарыстоўваюць для таго, каб, як толькі палепшыцца надвор'е, актывізаваць партызанскую вайну.

Учора Масква паведаміла, што ў Чачні знаходзяцца 80 тысячаў вайскоўцаў, і што больш за 500 зь іх адпраўленыя ў горы, дзе цяпер сканцэнтраваныя баявыя дзеяньні.

Прадстаўнік генэральнага штабу фэдэральных сілаў генэрал-палкоўнік Валеры Манілаў заявіў, што наземныя апэрацыі больш не плянуюцца, і расейцы будуць выкарыстоўваць спэцыяльныя апэрацыі для зьнішчэньня чачэнскіх паўстанцаў – цытуе "The Guardian".

У выніку спэцыяльнай апэрацыі ў Шатойскім раёне Чачні затрыманы сын Даўда Ахманава – чачэнскага брыгаднага генэрала, памочніка ў палітычных пытаньнях былога віцэ-прэзыдэнта Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Вахі Арсанава. Адзьдзелы Ахмадава належаць да шатойскай групоўкі, якой кіруе Хатаб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG