Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 красавіка 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 22 красавіка)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Бюджэту Беларусі апошнім часам наносяцца ўсё новыя ўдары. Гэтак званая "Палата прадстаўнікоў" першая ратыфікавала пагадненьне краінаў СНД "Аб дарожным руху". Ані Расея, ані Ўкраіна не зрабілі гэтага. У выніку толькі Беларусь абмежавала рух аўтамабіляў з нагрузкаю звыш 21 тоны на трайную падвоеную вось аўтамабіля. І цяпер беларускую мяжу замежныя перавозчыкі імкнуцца абмінуць. Адпаведна, шматкроць скараціліся паступленьні ў казну.

Яшчэ адным ударам па бюджэце стала аднаўленьне Расеяй мытнага кантролю за рухам замежных тавараў, якія праступаюць празь Беларусь. Паводле самых сьціплых падлікаў, краіна губляе сотні мільёнаў даляраў. А ў дадатак да гэтага ўжо ў красавіку Расея рэзка скараціла пастаўкі нафты на нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі, перш за ўсе на Мазырскі.

У гэтых умовах, абкладзены з усіх бакоў, беларускі ўрад шукае выйсьце. І яно толькі ў падвышэньні цэнаў на спажывецкія тавары.

Дзеяньні ўраду ў гэтыя перадвелікодныя дні можна паілюстраваць на прыкладзе такога прадукту, як курыныя яйкі. Цэны на іх апошнім часам вырасьлі нагэтулькі (амаль 500 рублёў за дзясятак), што сталі недаступнымі нават для сярэдніх спажыўцоў. Яйкі не раскупляюцца нават у перадвелікодныя дні, калі ў папярэднія гады на іх быў павышаны попыт.

Птушкафабрыкі затавараныя гатовай прадукцыяй. На сёньня лішак складае 7 мільёнаў яек, якія цяжка рэалізаваць. З-за дарагоўлі не купляюць беларускія яйкі і ў Расеі. Даводзіцца зьніжаць цэны й несьці страты.

Дарэчы, амаль усе беларускія харчовыя прадукты сталі неканкурэнтаздольнымі ў Расеі з-за высокае цаны. Сталіся непатрэбнымі паліцэйскія кардоны, якія яшчэ ўвосень стрымлівалі вываз прадуктаў у Расею.

Рост цэнаў на галоўныя харчовыя прадукты апошнімі тыднямі дасягнуў такога ўзроўню, што сыры, каўбасы, рыба проста не распрадаюцца. І гэта ня дзіўна, бо, напрыклад, сялянскае масла каштуе зараз 1.500 рублёў за кіляграм, сыравэнджаныя каўбасы ў межах 5.000 рублёў, сьмятана – 369 рублёў за паўлітра. Надзвычай дарагая рыба. Усе гатункі – звыш 1.000 рублёў за кіляграм, а якасная рыба – 3.000 рублёў і вышэй.

Ды што казаць пра гэтыя прадукты, калі чорны хлеб пераваліў у цане 100 рублёў за бохан, а "Нарачанскі" дык і наогул наблізіўся да 300 рублёў.

Трэба або зьніжаць цэны, або павышаць зарабкі. Але ні на адную з гэтых мераў урад пакуль не гатовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG