Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 красавіка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Менску прайшоў рэспубліканскі сход сяброў Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў. У вадрозьненьне ад папярэдніх гадоў, сёлета на гэтай традыцыйнай дзеі не было гасьцей з Расеі.

Прэзыдэнт Асацыяцыі беларускіх аўтаперавозчыкаў Мікалай Баравы патлумачыў сходу, што адсутнасьць замежных прадстаўнікоў, у тым ліку расейцаў, прадыктавана карпаратыўнымі інтарэсамі.

Як вынікае са словаў Баравога, добрыя ўзаемадачыненьні з расейцамі зараз ня складваюцца. Масква лічыць, што беларускія транспартавікі безпадстаўна гаспадараць на расейскім рынку міжнародных аўтамабільных паслугаў. Паводле апошніх зьвестак, ужо траціну гэтага рынку кантралююць аўтаперавозчыкі Беларусі.

Мікалай Баравы паведаміў удзельнікам сходу, што гэтая тэндэнцыя выклікае на Ўсходзе непрыхаванае раздражненьне. Расейцы востра паставілі пытаньне пра падзел рынку міжнародных перавозак і абмежаваньне паездак беларускіх кіроўцаў у такія трэція краіны як Італія, Аўстрыя, Бэльгія, Нямеччына, Летува, Нідэрлянды, Польшча, Чэхія.

Як прагучала ў справаздачным дакладзе, сытуацыя вельмі складаная. Менавіта рознагалосьсі ў гэтым пытаньні спрычыніліся да таго, што Масква й Менск дагэтуль не падпісалі новага міжурадавага пагадненьня аб супрацоўніцтве ў сфэры міжнародных аўтаперавозак.

Паводле расповядаў беларускіх аўтаперавозчыкаў, актыўнае змаганьне зь імі вядзе апошнім часам расейская мытня. Свае дзеяньні яна тлумачыць нядобрасумленнасьцю беларускіх транспартных гаспадарак, якія нібыта завінаваціліся расейскім прадпрыемствам звыш 8 мільёнаў даляраў. У выніку, расейская мытня канфіскоўвае беларускія аўтамабілі, якія належаць гэтым гаспадаркам з "чорнага сьпісу".

Шмат увагі на сёньняшнім сходзе Асацыяцыі аўтаперавозчыкаў было нададзена праблеме транзыту празь беларускую тэрыторыю. Парадаксальна, але факт: беларускія кіроўцы, якія вязуць грузы з Эўропы ў Расею, у тэрміновым парадку шукаюць зараз аб'язныя маршруты. Мікалай Баравы паінфармаваў удзельнікаў сходу, празь якія краіны пралягаюць зараз гэтыя маршруты:

"Празь Летуву, Латвію і Ўкраіну. Найбольш спрыяльныя ўмовы ў пляне выдаткаў складваюцца пры праезьдзе прыбалтыйскім шляхам. Вартасьць транзытных плацяжоў па гэтым маршруце менш чым пры праезьдзе па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на 154 даляры. І толькі жаданьне заехаць дадому яшчэ стрымлівае беларусаў ад поўнага йгнараваньня беларускага транзыту. Затое замежных аўтаперавозчыкаў тут ужо амаль ня ўбачыш. Асноўная прычына, з-за якой замежнікі адмаўляюцца ехаць па тэрыторыі нашае дзяржавы, гэта абмежаваньне нагрузкі на аўтамабілі да 21 тоны. Пры праезьдзе па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з ранейшымі вагавымі характарыстыкамі перавозчыкам давядзецца выкладваць ад 60 да 242 даляраў ЗША", – зазначыў спадар Баравы.

На думку сяброў асацыяцыі аўтаперавозчыкаў, беларускія правілы транзыту павінны быць неадкладна ўніфікаваныя зь міжнароднымі.

XS
SM
MD
LG