Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 красавіка 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Упершыню замест прафэсійных мэханізатараў на палеткі Менскае, Гомельскае і Магілёўскае абласьцей кінуты самы танны працоўны дэсант – студэнты Беларускага аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэта. Такім чынам мясцовыя "вэртыкальшчыкі" вырашылі праблему дзеяздольных кадраў на вёсцы.

Да 5 траўня студэнты 2, 3 і 4 курсаў факультэта мэханізацыі БАТУ будуць адбываць працоўную павіннасьць у гаспадарках аграпрамысловага комплексу. Такое рашэньне было прынятае на паседжаньні навуковае рады аграрнага ўнівэрсытэту. На пачатку красавіка студэнты, якія мелі пасьведчаньні кіроўцаў сельгастэхнікі, былі разьмеркаваныя ў адпаведнасьці з заяўкамі абласных выканаўчых камітэтаў.

Сіламі студэнтаў у шэрагу гаспадарак плянуецца правесьці сяўбу ды пасадку бульбы. Месцам працы сталі ў бальшыні рэгіёны, дзе ў літаральным сэнсе ўжо няма каго пасадзіць за руль. Масавы алькагалізм і зыход зь вёскі маладых паставілі цэлыя рэгіёны на мяжу выжываньня.

Загадчык практыкі БАТУ Леанід Дубнавіцкі ў тэлефоннай размове паведаміў мне, што гэта звычайная вытворчая практыка, а шум зь нічога ўзьнялі "нядобрыя людзі". Маўляў, з-за гэтага вучэбны працэс спынены ня будзе, а навучальную праграму яны дагоняць пасьля вяртаньня. Тое, што стыпэндыя малалетнім мэханізатарам за гэты час выплачаная ня будзе, Дубнавіцкі растлумачыў па-свойму: студэнты нібыта атрымаюць куды большыя грошы паводле вынікаў працы.

Ня выключана, што гарадзкі выкладчык ня вельмі добра сабе ўяўляе, што заробкі сялянаў даўно наблізіліся да нуля. Нават адносна стабільныя гаспадаркі гэтымі днямі разьлічваюцца толькі за люты, тады як бальшыня павінна працаўнікам яшчэ за лістапад-сьнежань мінулага году.

Дзеля прыкладу, у калгасе "Советская Белоруссия" Смаргонскага раёну апошні заробак склаў 2 мільёны рублёў старымі – гэта 2 даляры. Затое за вываз на «соткі» гною калгасным трактарам старшыня патрабуе ад калгасьнікаў ажно 17 мільёнаў.

Зразумела, што жадаючых працаваць за дарма застаецца ўсё менш. Пад фармулёўкаю «вытворчае практыкі» бязвыходную сытуацыю мусяць выратоўваць студэнты.

Як паведаміла нам маці аднаго са студэнтаў, разьмеркаванага у саўгас «Волма» Менскага раёну, юнакам прадастаўлена толькі адная, так бы мовіць, палёгка – на звышнармаваную працу. Рабочы дзень 18-19-гадовых «ударнікаў» часта расьцягваеца зь 7-мі раніцы да 10-ці вечара. Пра нейкія заробкі кіраўніцтва гаспадаркі ўпарта маўчыць. Але, мяркуючы па звыклых для сялянаў сумах, лепей бы атрымліваць стыпэндыю. Замест абяцанага інтэрнату прыходзіцца жыць у напаўразваленым бараку. Першы тыдзень увогуле прыйшлося харчавацца выключна макаронамі й бульбаю, набытымі ў мясцовай краме і ў жыхароў за ўласныя грошы. «Бясплатныя» абеды таксама аказаліся значным перабольшаньнем. Урэшце скончыліся й сьціплыя здабыткі, і зараз няма нават за што патэлефаніць дадому бацькам. Калі гэта і ёсьць «вытворчая практыка», то вельмі сваеасаблівая.

Зараз студэнты ды іхныя бацькі з жахам чакаюць моманту, калі настане час касьбы траваў і жніва.

Як стала вядома літаральна днямі, у сьценах БАТУ зноў зьбіралася навуковая рада. Была разгледжаная чарговая ініцыятыва абласных выканаўчых камітэтаў наконт удзелу студэнтаў факультэту мэханізацыі сельскае гаспадаркі ў «бітве за ураджай». Рашэньне пашырыць працоўную практыку да пяці тыдняў у жніўні-верасьні прынятае. Так што чакай, вёска, бясплатны дэсант.

XS
SM
MD
LG