Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 красавіка 2000 г.


Сяргей Навумчык

Учoрашняе рашэньне менскіх уладаў аб забароне Чарнобыльскага Шляху не скасавала плянаў групы чэскіх палітыкаў, якія маюць намер узяць удзел у масавым шэсьці ў Менску. Сяргей Навумчык патэлефанаваў аднаму з удзельнікаў дэлегацыі, прэзыдэнту фонда "Чалавек у нядолі" Томашу Пояру.

(Навумчык: ) "Томаш, апошнім часам назіраецца цікавасьць чэскага грамадзтва да беларускай сытуацыі. Месяц таму ў камісіі па міжнародных справах прайшлі слуханьні ў справе правоў чалавека і свабоды слова ў Беларусі. Вялікую цікавасьць у чэскіх палітыкаў, у кіраўнікоў зьнешняпалітычнага ведамства выклікаў візыт ў Прагу на прыканцы сакавіка Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы і прэзыдэнта Беларускага ПЭН-цэнтру Васіля Быкава. І Сурвілла, і Быкаў заклікалі сэнатараў і дыпляматаў падтрымаць беларускую апазыцыю. І цяпер Вы едзеце ў Менск…"

(Пояр: ) "Я мяркую, што вось якраз цяпер чэскія сэнатары і палітыкі пажадалі болей даведацца пра тое, што робіцца ў Беларусі і што можна зрабіць з гэтым рэжымам, які там цяпер увасабляе Аляксандар Лукашэнка. У лістападзе ўжо адбыўся візыт дэпутатаў чэскага парлямэнту ў Беларусь. Цяпер ўжо новая група сэнатараў хоча паглядзець на Беларусь уласнымі вачыма, сустрэцца з актывістамі апазыцыі, паразмаўляць і з прадстаўнікамі ўлады. І пасьля думаць над тым, як дапамагчы Беларусі стаць дэмакратычнай краінай".

(Навумчык: ) "Спадар Пояр, як Вы ўспрынялі ўчарашняе рашэньне Менгарвыканкаму аб забароне Чарнобыльскага Шляху?"

(Пояр: ) "Я магу толькі ўзгадаць, якая сытуацыя была ў нас, у Чэхіі, у 88-89 гадох. Тады таксама ўсе дэманстрацыі былі забароненыя. Учарашняя падзея яскрава выяўляе сутнасьць лукашэнкаўскага рэжыму".

(Навумчык: ) "Вы ўзгадалі чэскія падзеі, удзельнікам якіх самі былі… Цяпер для Вас асабіста палітыка – гэта ня плошчы, не сутыкненьні з паліцыяй, а праца ў сэнацкіх і дыпляматычных офісах, арганізацыя канфэрэнцыяў і гэтак далей… І ўсё ж, у якой ступені Вам ўяўляюцца істотнымі менавіта вулічныя акцыі, наогул, на Ваш погляд, якія фактары ўплываюць на іх эфэктыўнасьць?"

(Пояр: ) "Гэта шмат у чым залежыць ад сытуацыі, якая пануе ў дадзены момант у Эўропе ці нават у сьвеце, а ня толькі ад нейкіх унутраных фактараў. Прыгадаем, якая была сытуацыя ў 89 годзе, калі ў нас былі дэманстрацыі. Бэрлінская сьцяна была разбураная. Гарбачоў і Крэмль выступалі за дэмакратызацыю, за кантакт із Захадам. Цяпер міжнародная сытуацыя значна горшая, чым адзінаццаць гадоў таму. Калі шчыра, дык асабіста я ня бачу нейкай рэальнай, не на словах, а на справе, падтрымкі з боку заходніх краінаў. І абсалютна адсутнічае падтрымка беларускай дэмакратыі з боку Расеі, якая, падобна, не жадае бачыць Беларусь незалежнай і дамагацца перамены клімату ў дэмакратычным накірунку".

Гэта быў Томаш Пояр, кіраўнік фонду "Чалавек у нядолі" і ўдзельнік дэлегацыі чэскіх палітыкаў, якая мае намер наведаць Менск і ўзяць удзел у Чарнобыльскім Шляху.

XS
SM
MD
LG