Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 красавіка 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 19 красавіка)
Сёньня ў канцэртавай зале "Менск" прэзэнтуецца кампакт-дыск "Вольныя Танцы: Новая альтэрнатыва" з удзелам папулярных рок-гуртоў – "Уліс", "NRM", "Новае Неба", "Палац", "Нейро Дюбель" ды іншых. Апроч таго, у запісе альбому удзельнічалі й пакуль што малавядомыя беларускамоўныя каманды – "Ur'ia", "Безь Білета", "Лявоны", а таксама "RF Braha" зь Беластоку. За некалькі гадзінаў да пачатку імпрэзы з супрадзюсэрам праекту Сергеем Бялевічам гутарыў наш карэспандэнт Ягор Маёрчык…

(Музыка)

(Маёрчык: ) "Новая альтэрнатыва" – гэта другі зборнік беларускамоўнага рок-н-ролу, які выпусьціла аб'яднаньне Беларуская Музычная Альтэрнатыва (http://bma.home.by/). Першы пад назовам "Слухай сваё!" (http://bma.home.by/act_vt.htm), які выйшаў летась, стаўся сапраўднай падзеяй.

Тады аўтары праекту зьвярталіся да слухачоў з такімі словамі: "Адметнасьць гэтае кружэлкі ў тым, што яна ёсьць першай за гісторыю беларускае незалежнае музыкі кампіляцыяй. Дзе сабраныя толькі беларускамоўныя выканаўцы. Тут ўсё, што складае незалежную музыку незалежнае Беларусі".

Гэтым разам прадмова да альбому "Новая альтэрнатыва" больш ляканічная: "Ты ўзяў у рукі другую частку кампіляцыі "Вольныя танцы". У ёй сабраная лепшая беларуская альтэрнатыўная музыка канца тысячагодзьдзя".

…Сяргей Бялевіч, Вы – прадзюсэр першага й другога альбомаў сэрыі "Вольныя танцы". Чым розьніцца новы дыск ад папярэдніка?"

(Бялевіч: ) "Вольныя танцы. Слухай сваё" – альбомі, які выйшаў у красавіку 1999 году, канцэптуальна меўсяс быць тым, чаго пакуль не было на Беларусі. У першую чаргу, гэта зборнік беларускай рок-музыкі, беларускамоўнай музыкі ў лічбавым фармаце, г.зн. у фармаце кампакт-дыску. І таму была такая стылёвая няроўнасьць, калі побач з альтэрнатыўнай музыкай зьяўляліся цяжкія гурты "Зьніч" або "Дывэйшн". Кампакт "Вольныя танцы. Новая альтэрнатыва" адрозьніваецца сваёй больш-менш стылёвай аднастайнасьцю, г.зн. ня будзе такіх перападаў стіылю. Мы хацелі, каб гэты кампакт быў больш гітовым, каб на ім было больш гітовых песьняў, і ня толькі ад грандаў беларускай рок-музыкі. У кампакт-дыск не ўвайшла новая кампазыцыя гурта "Крама", не ўвайшлі ў кампакт гурты "Троіца", "Пост скрыптум". Яны не ўвайшлі ў кампакт толькі таму, што музыка, якую яны выконваюць, ня зусім упісвалася ў канцэпцыю".

(Маёрчык: ) "Рок-н-рол ёсьць музыкаю пратэсту, музыкаю бунту. Натуральна, што аўтарытарнае ўладзе, скіраванай і супраць нацыянальнае культуры, вальнадумства рокераў на беларускай мове не даспадобы. Скажыце, зь якімі перашкодамі сутыкаецца айчынны рок-н-рол?"

(Бялевіч: ) "На Беларусі вельмі добрыя ўмовы склаліся для разьвіццья рок-музыкі як бы дзіўна гэта не гучала, і беларускай музыка пачынае выходзіць на новы ўзровень свайго разьвіцьця. Калі раней яна была музыкай супраціву, дык зараз яна робіцца больш шоў-бізнэсовай у добрым сэнсе, папулярнай музыкай. Апроч цяжкасьцяў чыста адміністрацыйных, мы сутыкнуліся з тэхналягічнымі цяжкасьцямі. Гэта зьвязана ў першую чаргу з тым, што мы не маглі і пакуль што ня можам адпісаць вялікую колькасьць кампакт-дыскаў на Беларусі. Мы мусілі запісваць за мяжой. Ня можа так далей працягвацца, калі гурты запісваюцца ў сваіх непрафэсійных студыях. Праблема беларуская – гуказапісваючая індустрыя, калі яна, натуральна, ёсьць, у чым я сумняюся. Трэба каб была аднастайнасьць паводле якасьці. Пакуль што нават мы ня можам сказаць, што ў нас якасьць атрымалася такой аднастайнай. Праблема, якую трэба вырашаць, – стварэньне нармальнай студыі гуказапісу".

(Маёрчык: ) "Беларускі рок пацьвердзіў сваю здольнасьць да жыцьця. Тут да "Вольных танцаў" варта дадаць музычныя праекты "Народны альбом" (http://na.home.by/) і "Сьвяты вечар", якія сталіся падзеямі. Сёньня беларускія каманды зьбіраюць вялікую аўдыторыю. А, мяркуючы па канцэрце гуртоў "NRM" (http://nrm.home.by/) і "Нейро Дюбеля" (http://www.neurodubel.com/) пасьля "Маршу Свабоды-2", яны ўжо могуць сабраць і стадыён. Але любы, самы прафэсійна зроблены праект, патрабуе прамоцыі. Як вы будзеце раскручваць новы дыск, Сяргей Бялевіч?"

(Бялевіч: ) "Стаўленьне да беларускай музыкі пачало мяняцца ў лепшы бок, мне здаецца. Як будзе надалей, зноў-такі цяжка сказаць, бо наперадзе, апроч прэзэнтацыі ў канцэртнай залі "Менск" нас чакае пэўная колькасьць канцэртаў у рэгіёнах, а звычайна атрымліваецца, што рэгіянальныя сытіуацыі праектуюцца на Менск і наадварот – менская сытуацыя праектуецца на рэгіёны. Мне пакуль цяжка сказаць, калі і дзе адбудуцца канцэрты, але я дакладна ведаю, што яны адбудуцца. Наконт радыёстанцыяў, FM-станцыяў, дык кампакт ужо ставіцца ў ратацыю, гэта значыць, што кампазыцыі зь яго будуць гучаць у эфіры".

(Маёрчык: ) "Дзякуй, Сяргей. Будзем спадзявацца, што хуткім часам пабачаць сьвет "Вольныя танцы" – 3, 4, 5 і гэтак далей… І моладзь будзе слухаць сваё".

XS
SM
MD
LG