Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 красавіка 2000 г.


Аляксандар Лукашук

Сэрца караля вырашыла гістарычную тайну французскай гісторыі – бэльгійскія і нямецкія генэтыкі пацьвердзілі, што ахвярай французскай рэвалюцыі ў 1795 годзе сапраўды быў дзесяцігадовы Луі ХVII. Камэнтуе Аляксандар Лукашук.

205 гадоў, ад 8 чэрвеня 1795 года, калі было абвешчана пра сьмерць Луі ХVII ў турме, да ўчорашняй серады французскія раялісты настойвалі, што караля падмянілі ў вязьніцы, і замест яго памер іншы хлопчык.

Пасьля сьмерці бацькі, караля Луі ХVI ў 1793 годзе пад нажом гільяціны, 8-гадовы Луі аўтаматычна стаў наступным каралём Францыі (ён ня быў каранаваны). Два гады яго трымалі ў турме як закратаваную жывёліну, ў цемры і брудзе. На судзе ягонай маці, каралевы Марыі Антуанэты, было прад'яўленае падпісанае Луі сьведчаньне аб быццам бы інцэсьце, якім яго прымусіла займацца маці. Паводле афіцыйнага паведамленьня, Луі памер ад сухотаў. Кат выразаў ягонае сэрца, якое захоўвалася ўвесь гэты час ў розных месцах, а апошнюю чвэрць стагодзьдзя – ў каралеўскай ўсыпальніцы ў Сан-Дэні.

Яно і паслужыла матэрыялам для генэтычнага аналізу. Дасьледчыкі таксама мелі для аналізу завіток валос маці хлопчыка, Марыі Антуанэты. Апроч таго, яны параўналі атрыманы генэтычны матэрыял з аналізамі сваякоў Луі ХVII па мацярынская лініі, якія жывуць цяпер – румынскай каралевы Ганны і ейнага брата Андрэ.

Вучоныя ўстанавілі ідэнтычнасьць генэтычнага коду і такім чынам вырашылі загадку французскай гісторыі, якой было прысьвечана каля 800 кніг і безьліч артыкулаў.

З ухвалай адкрыцьця выступіла сям'я Бурбонаў, якая, з нагоды сваяцтва з Луі ХIV, прэтэндуе на пераемнасьці права на каралеўскі трон.

У манархічнай традыцыі кроўнае сваяцтва адыгрывала вядучую ролю пры разьмеркаваньні ўлады і часта станавілася прадметам крывавай барацьбы, палітычных інтрыгаў і падставай для паўстаньняў (дастаткова згадаць смуту, зьвязаную з імем Ілжэ-Дзьмітрыя, які пайшоў на Маскву з тэрыторыі сучаснай Беларусі).

Апошнім часам шмат якія гістарычныя таямнімцы пачалі адступаць перад новымі тэхналёгіямі – аналіз ДНК быў скарыстаны пры высьвятленьні абставінаў сьмерці расейскай царскай сям'і пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі. У ЗША такі аналіз дазволіў гісторыкам па-новаму паглядзець на асабістае жыцьцё аднаго зь першых прэзыдэнтаў краіны Джэфэрсана – былі знойдзеныя нашчадкі ягонага каханьня да чорнай служанкі.

XS
SM
MD
LG