Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 красавіка 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Дзяржаўны сакратар Саюзу Беларусі й Расеі Павел Барадзін днямі абвесьціў пра свой плян пабудаваць хуткасную чыгунку з эўрапейскай каляінаю з Масквы да Парыжу празь Беларусь. Нават беларускія афіцыйныя асобы лічаць, што гэты праект празьмерна грандыёзны для таго, каб яго ажыцьцявіць у блізкай будучыні.

Прадстаўнік Беларусі ў хаўрусных структурах Леанід Козік заўважыў, што праект Барадзіна нагадвае вядомыя "Нью-Васюкі".

Сапраўды, Павел Барадзін наабяцаў вельмі шмат усяго добрага. На прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве ён паведаміў, што грошы будуць прадастаўленыя замежнымі інвэстарамі. Дарэчы, кошт праекту сам Барадзін ацэньвае ў 15 мільярдаў даляраў. Расейскі ж бок мае намер удзельнічаць у будаўніцтве толькі працоўнымі й матэрыяльнымі рэсурсамі.

Пабудаваная паводле эўрапейскіх стандартаў чыгунка мусіць пралегчы з Масквы да Парыжу празь Менск, Варшаву й Берлін. Першую чаргу плянуецца пабудаваць з Масквы да Менску. Паводле словаў Паўла Барадзіна, гэта стала магчымым дзякуючы стварэньню хаўрусу паміж Беларусьсю й Расеяй. Барадзін паабяцаў, што праект дазволіць стварыць шмат працоўных месцаў у Расеі ды Беларусі, а таксама зробіць перавозкі больш таннымі.

Але ж далека ня ўсе ставяцца да праекту Барадзіна з такім жа энтузіязмам, як ён сам. Напрыклад, прадстаўнік выканаўчага камітэту хаўрусу Сяргей Шухно выказаў сумнеў, што Саюз Беларусі й Расеі зможа прадаставіць гарантыі замежным інвэстарам, паколькі аніякае хашруснае ўласнасьці пакуль няма. Што тычыцца сродкаў самога хаўрусу, то ўвесь хаўрусны бюджэт на гэты год значна меншы за кошт праекту. Да таго ж, бюджэт ужо разьмеркаваны па праграмах.

Прадстаўнікі беларускае чыгункі навогул адчуваюць сябе разгубленымі пасьля заявы Барадзіна. Калі будзе пабудаваная чыгунка з эўрапейскай каляінаю, беларускі бок перастане атрымліваць валюту за перастаноўку вагонаў зь беларускае каляіны на больш вузкую эўрапейскую.

Нельга выключаць, што праект Барадзіна проста разваліцца, як разваліўся ў свой час праект будаўніцтва хуткаснае чыгункі з Масквы да Пецярбургу, на які проста не хапіла грошай. А тыя, што былі выдаткаваныя, у значнай частцы былі раскрадзеныя расейскімі чыноўнікамі.

XS
SM
MD
LG