Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 красавіка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Менску адбыўся сход працоўных калектываў, скліканы Фэдэрацыяй прафэсійных саюзаў. Цэнтральным пытаньнем сталася праблема заробкаў у краіне.

Каля 400 прадстаўнікоў прадпрыемстваў з усіх куткоў краіны ўзялі ўдзел у гэтым сходзе Фэдэрацыі прафэсійных саюзаў. Старшыня фэдэрацыі Ўладзімер Ганчарык, адкрываючы сход, паведаміў, што працаўнікі дзяржаўных заводаў і прыватных фірмаў, бюджэтных установаў і арганізацыяў абураныя памерамі сваіх заробкаў. Нават спэцыялісты высокае кваліфікацыі ў сёньняшняй Беларусі ледзьве зводзяць канцы з канцамі.

У цэлым жа, сказаў кіраўнік Фэдэрацыі, больш як мільён беларусаў атрымліваюць заробкі ніжэйшыя за "рысу беднасьці". Выснова Ўладзімера Ганчарыка: неабходна карэктаваць сацыяльна-эканамічную палітыку, хаця кіраўнік афіцыйных прафэсійных саюзаў не дазваляў сабе вострых выпадаў на адрэсу ўладных структураў, якія ажыцьцяўляюць гэтую палітыку.

Іншым быў тон прамовы Аляксандра Бухвостава – лідэра прафэсійнага саюзу прадпрыемстваў аўтамабільнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня. "Сёньняшні ўзровень зарабкаў у краіне вызначаецца роўнем кіраваньня", – заявіў Бухвостаў.

"Цяперашняе кіраўніцтва краіны не забясьпечвае канстытуцыйнага права чалавека на працу. Але бяда ў тым, што ўрон ад непрадуманае палітыкі павінен кампэнсаваць рабочы. Грошы ў канчатковым выніку кіраўніцтва бярэ зь ягонае кішэні. Такое ўражаньне, што кіраўнікі дзяржавы не разумеюць, у якую сытуацыю яны паставілі прадпрыемствы", – сказаў на сходзе Бухвостаў.

Пра сытуацыю з заробкамі вяскоўцаў распавяла на сходзе галоўная эканамістка калгасу ймя Энгельса Буда-Кашалёўскага раёну Ніна Гузава. Заробкі там мізэрныя. Працуючы да сёмага поту, – сказала Гузава, – мэханізатар у калгасе атрымлівае за дзень усяго 700 рублёў, а даярка – яшчэ меней. Паводле словаў калгаснае спэцыялісткі, беларуская вёска сёньня крычыць аб дапамозе.

Яркім быў выступ лідэра прафэсійнага саюзу салігорскага вытворчага аб'яднаньня "Беларуськалій" Зінаіды Міхновіч:

"Мяне прымусілі выйсьці на гэтую трыбуну пратэсты шахтораў. Мы па пошце пераслалі гэтыя пратэсты, але мне хацелася б асабіста перадаць іх старшыні ўраду, які прысутнічае тут. Супраць чаго пратэстуюць шахторы? Супраць цяперашняй палітыкі заробкаў. Супраць таго, што ў іх забіраюць валюту. А між тым, шахторы працуюць на вельмі састарэлым абсталяваньні, якое варта абнаўляць за гэтую валюту. Літаральна ўчора тры чалавекі з гэтае прычыны былі зьнявечаныя ў шахце", – паведаміла сходу спадарыня Міхновіч.

Прэм'ер Уладзімер Ярмошын у сваім выступе на сходзе не прызнаў крытыку прадстаўнікоў працоўных калектываў ані справядлівай, ані абгрунтаванай. На ягоную думку, малыя заробкі беларусаў тлумачацца аб'ектыўнымі абставінамі. У прыватнасьці, дарагімі расейскімі энэрганосьбітамі, частымі засухамі й празьмернымі дажджамі, адсутнасьцю дысцыпліны.

Палемізуючы з Бухвоставым, прэм'ер заявіў, што беднасьць у краіне не зьяўляецца вынікам "дзяржаўнае безадказнасьці" цяпеперашіх уладаў. Ён заклікаў прысутных не расхістваць грамадзкі парадак. "Калі б зьявіўся прэм'ер, які стабілізаваў сёньняшнюю эканоміку Беларусі, яму варта было б прысудзіць Нобэлеўскую прэмію", – заявіў Ярмошын.

XS
SM
MD
LG