Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 красавіка 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Урад канцлера Шродэра прапанаваў ўвесьці эміграцыйныя візы для спэцыялістаў ў галіне інфармацыйных тэхналёгіяў і некаторых іншых сфэраў. Гэтай падзеі прысьвечаны адмысловы камэнтар у эўрапейскім выпуску газэту "The Wall Street Journal".

Аглядальнік "The Wall Street Journal" спачувае Гэрхарду Шродэру. Няпроста быць дзейным сацыял-дэмакратам у Нямеччыне, – іранізуе Фрэдрык Кэмрэ. – Спачатку спатрэбіўся час, каб пазбавіцца няўгоднага міністра фінансаў Аскара Лафантэна. Затым давялося ўвесьці гістарычныя падаткавыя зьмены, якія дапамогуць нямецкаму бізнэсу пазбыцца непатрэбных сродкаў. Цяпер Шродэр сьмела выступіў з ініцыятывай ўвядзеньня "грын кардаў", якія задаволяць патрэбы кампаніяў ў імпарце тэхнічных спэцыялістаў.

Аднак зрабіць гэта будзе складана. Тым ня менш, Шродэр змагаецца з апанэнтамі, якія ціснуць на яго і зьлева, і справа. Адны лічаць, што трэба стварыць ўмовы і для працаўладкаваньня нямецкіх сьпэцыялістаў за мяжой; іншыя сьцьвярджаюць, што новая ініцыятыва павялічыць шэрагі беспрацоўных. Спадар Шродэр вымушаны супакойваць. Урэшце, уезд у Нямеччыну 20 тысячаў людзей – гэта значна менш існуючай на сёньня патрэбы ў спэцыялістах.

"The Wall Street Journal" адзначае, што у Злучаных Штатах уладальнік "грын кард" мае права праз пэўны час атрымаць амэрыканскае грамадзянства. Але ў Нямеччыне, якая традыцыйна праводзіць асьцярожную эмігранцкую палітыку, "грын кард" будзе дзейнічаць тры гады, у некаторых выпадках тэрмін можа быць працягнуты яшчэ на два гады. І – аўфідэрзэйн. Чалавек абавязаны пакінуць Нямеччыну. Да таго ж, сем'і ўладальнікаў нямецкіх "грын кард" хаця і могуць знаходзіцца ў Нямеччыне, але пазбаўленыя права на працу.

Цяпер дэбаты канцэнтруюцца вакол кампутарных спэцыялістаў зь Індыі. Яны, гэтак як і спэцыялісты зь іншых краінаў, хутчэй за ўсё, пажадаюць пераехаць далей на Захад, дзе атрымаюць магчымасьць пачаць новае жыцьцё альбо рабіць уласны бізнэс.

Аднак бракуе разуменьня ці не галоўнай праблемы: Нямеччына павінная прымірыцца з рэаліямі эміграцыі і прывесьці у адпаведнасьць зь імі сваё заканадаўства. Прыблізна 9 адсоткаў сёньняшняга насельніцтва краіны – гэта так званыя "замежнікі". Дастаткова пагартаць тэлефанічны даведнік Бэрліна, каб адчуць поліэтнічнасьць нямецкага грамадзтва.

Камэнтатар "The Wall Street Journal" прапануе нямецкім палітыкам зазірнуць у гісторыю, у Нямецкі Рэйх 1871 году, каб зразумець, што Нямеччына ніколі б не зрабілася дынамічнай індустрыяльнай дзяржавай без масавай іміграцыі з Усходняй Эўропы. Нямецкая гісторыя і простая этыка патрабуюць пасьлядоўнага высакародства ў адносінах да ўцекачоў. Але спатрэбіцца час, каб стварыць эміграцыйную сыстэму, падобную на тую, што мэтанакіравана і збалянсавана падсілкоўвала эканамічны рост ЗША.

Але далучыцца да стварэньня такой заканадаўчай базы – ўсё роўна, што дакрануцца да дынаміту. Палітычныя дзеячы проста баяцца масавых выступаў супраць замежнікаў. Аднак ім давядзецца тлумачыць людзям, што эміграцыя стварае багацьце і новыя працоўныя месцы.

Нядаўна адзін нямецкі часопіс паведаміў сваім чытачам, што ў апошнія 30 гадоў Злучаныя Штаты прынялі 13 мільёнаў эмігрантаў. І сярод іх такія імёны, як заснавальнік кампаніі Intel Эндзі Гроў, сузаснавальнік Yahoo тайванец Джэрры Янг. Гэтыя фірмы сёньня ацэньваюцца ў дзесяткі мільярдаў даляраў. І калі працягваць тэму грошай, дык паводле дасьледаваньняў Нацыянальнай Акадэміі Навук ЗША, сярэдні эмігрант на працягу жыцьця дае дзяржаве на 80 тысячаў даляраў болей, чым было затрачана на ягоную адаптацыю.

Нарпэшце, адзін з найбольш уплывовых нямецкіх бізнэсоўцаў, Шултэ-Ноэл, заўважае: "Дэмантаж старой сыстэмы неабходны. Пасьля Другой Усясьветнай вайны ў мэтах аднаўленьня Нямеччыны была патрэбная жорсткая структурная сыстэма. Мы цяпер маем магчымасьць зьмяніць гэта", - канец цытаты.

"The Wall Street Journal" выказвае спадзяваньне, што ініцятыва нямецкай "грын кард" будзе першым эскізам да новай эміграцыйнай сыстэмы.

XS
SM
MD
LG