Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 красавіка 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Беларусь цалкам апраўдвае рэпутацыю краіны падвышанай эканамічнае рызыкі. Нават паводле афіцыйных зьвестак за мінулы год інвэстыцыі ў беларускую эканоміку склалі толькі 40 адсоткаў у параўнаньні з годам 98-м. Сваё стаўленьне да беларускага рынку зьмяніла й буйное супольнае беларуска-швайцарскае прадпрыемства "Галяграфічная індустрыя"…

Супольнае прадпрыемства "Галяграфічная індустрыя" працуе ў Беларусі з 97 году. Швайцарскі бок інвэставаў у бізнэс-праект больш за 3 мільёны даляраў, спадзеючыся на хуткую аддачу. Аднак, нягледзячы на тое, што фірма фактычна манапалізавала рынак высокіх тэхналёгіяў у галіне абароны прадукцыі ад падробкі, надзеі замежнікаў ня спраўдзіліся.

Надоечы швайцарскі бок заявіў пра жаданьне прадаць усе 80 адсоткаў сваіх акцыяў і выйсьці са справы. Супраць такога намеру выказаліся дробныя акцыянэры, у тым ліку фабрыка "Камунарка" й шэраг прыватных асобаў. Яны ня хочуць, каб прыватны бізнэс трапіў пад нагляд дзяржавы, бо менавіта дзяржава выступіла першым кандыдатам на набыцьцё асноўнага пакету акцыяў. Але там, дзе вялікія грошы, меркаваньне мяншыні, як правіла, ня ўлічваецца.

Сталі вядомыя некаторыя акалічнасьці маючай адбыцца ўгоды. Беларускі бок прапанаваў швайцарцам у якасьці разьліку партыю трактараў "Беларусь" Менскага трактарнага заводу. Швайцарцы крыху паўпарціліся, але ўрэшце пачалі шукаць пакупнікоў нехадавога тавару за мяжою. Жаданьне як мага хутчэй пакінуць беларускі рынак вымушае ісьці на ахвяры. Посьпех справы будзе залежаць ад таго, ці згодзіцца хто-небудзь на Захадзе канвэртаваць беларускія трактары ў валюту.

Дырэктар і адзін з акцыянэраў супольнага прадпрыемства Леанід Танін незадаволены такім разьвіцьцём падзеяў. Акрамя камэрцыйнае дзейнасьці, супрацоўнікі займаюцца навукова-дасьледнымі экспэрымэнтамі. Зьмена шыльды можа нэгатыўна паўплываць на навуковы працэс. Ды й зараз "Галяграфічную індустрыю" імкнуцца паступова адсунуць на задні плян. Камусьці не падабаецца, што прыватнае прадпрыемства жыве за кошт дзяржаўных заказаў.

Ёсьць нават меркаваньне, што адной з прычынаў паніжэньня ў "службовай лесьвіцы" Васіля Даўгалёва стала занадта актыўнае лябаваньне ім інтарэсаў "патрэбных людзей". Кіраўніцтву краіны ўрэшце не спадабалася, што фінансавая плынь калядзяржаўных сродкаў апынулася ў руках прыватнага капіталу.

Прадпрыемства працяглы час выконвала замову на галяграфічныя выявы для этыкетак гарэлкі заводу "Крышталь". Зараз замова згорнутая, бо гарэлачная прамысловасьць цалкам зманапалізаваная. Таксама не знайшлі скарыстаньня распрацоўкі беларускае візы: блянкі па-ранейшаму заказваюць у Чэхіі, прычым па значна больш высокіх коштах. Пакуль што застаецца вялікая замова на галяграфічную выяву для віцебскага тэлевізійнага заводу "Віцязь", а таксама для аўтамабільных нумароў і страхавых картак. Але невядома, які лёс чакае і гэтыя кірункі, калі ў нацыяналізаваным прадпрыемстве зьменіцца гаспадар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG