Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 красавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

З гуманітарнай місіяй у Беларусі знаходзіцца вялікая група студэнтаў францускіх вышэйшых навучальных установаў. 96 навучэнцаў, што прадстаўляюць Гуманітарную місію "Інтэр Гранд Эколь", прыбылі разам з гуманітарным канвоем, які складаецца з 28 фургонаў. Апрача перадачы рэчаў у шпіталі й дзіцячыя дамы, францускія студэнты жадаюць наладзіць доўгатэрміновыя кантакты са сваімі аднагодкамі ў Беларусі.

Гуманітарная місія "Інтэр Гранд Эколь", у якую ўваходзяць прадстаўнікі 15 буйнейшых ВНУ Францыі, ва Ўсходняй Эўропе працуе ўжо дванаццаць гадоў, але ў Беларусь яна прыбыла ўпершыню. Як паведаміў кіраўнік гэтае місіі студэнт Камэрцыйнага інстытуту з Бардо Анрык Ганзалес, францускія студэнты цэлы год зараблялі грошы, каб набыць для беларускіх школаў-інтэрнатаў, дзіцячых дамоў і шпіталяў мэдыкамэнты, мэдычнае абсталяваньне, цацкі, адзеньне й арэндаваць машыны. Зь вялікай цяжкасьцю студэнты знайшлі фірму, што застрахавала фургоны, паколькі ў Францыі Беларусь мае дрэнную рэпутацыю.

Як паведаміў каардынатар праекту зь беларускага боку старшыня Дабрачыннай арганізацыі дапамогі дзецям-сіротам Вячаслаў Давідовіч, францускія студэнты мелі праблемы і з атрыманьнем бясплатных беларускіх візаў. Дэпартамэнт гуманітарнае дапамогі ня здолеў вырашыць гэтае пытаньне, і арганізатарам давялося зьвяртацца па дапамогу да іншых структураў.

Тым ня менш кіраўнік Дэпартамэнту гуманітарнае дапамогі Віктар Кучынскі параіў, каб францускія студэнты наведалі горад Кобрынь, адкуль Кучынскі быў абраны ў парлямэнт, і перадалі частку свайго 40-тоннага грузу мясцоваму шпіталю й Дзіцячай вёсцы.

Колькасьць замежных гуманітарных місіяў у Беларусь значна зьменшылася. Прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі гуманітарнага супрацоўніцтва Ірына Грушавая паведаміла "Радыё Свабода", што з 1996 году аб'ёмы гуманітарных паставак у Беларусь упалі ў тры разы, многія дабрачынныя арганізацыі спынілі сваю працу, іхныя замежныя партнэры пераарыентаваліся на Расею ці Югаславію.

Прычынаю гэтага Ірына Грушавая лічыць стварэньне Лукашэнкам Дэпартамэнту гуманітарнае дапамогі, які ўзяў гуманітарную дзейнасьць пад дзяржаўны кантроль ды вылучыў да дабрачынных фондаў празьмерныя патрабаваньні.

Намесьніца дырэктара Дэпартамэнту гуманітарнае дапамогі Ія Малкіна паведаміла нашаму радыё, што летась ужо назіраўся рост гуманітарных паставак у Беларусь на 25 адсоткаў.

Але гэта – у параўнаньні зь 98-м годам, калі многія заходнія гуманітарныя арганізацыі згарнулі дзейнасьць у Беларусі. Летась паступіла гуманітарных грузаў на 41 мільён даляраў. Колькасьць дзяцей, што пабывала за мяжою на аздараўленьні, зьменшылася да 58 тысячаў.

З замежнымі арганізацыямі і ўстановамі, паводле словаў Малкінай, супрацоўнічае больш сотні беларускіх арганізацыяў і дабрачынных фондаў. Паводле ейных словаў, у вапошнія гады вырас адсотак доўгатэрміновае дапамогі, у прыватнасьці тэхнічнае.

Італьянскія арганізацыі адрамантавалі школу-інтэрнат у Сененскім раёне, нямецкія фірмы прапануюць пабудаваць у Беларусі ў якасьці гуманітарнае дапамогі некалькі ветравых электрастанцыяў. За кошт нямецкае дапамогі абсталяваны і ўтрымліваецца Гомельскі радыялягічны дыспансэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG