Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 красавіка 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Удзельнічаць у прызначаных на восень парлямэнцкіх выбарах або байкатаваць іх? Гэтае пытаньне хвалюе сёньня ўсе апазыцыйныя сілы Беларусі.

Як у прыхільнікаў, гэтак і ў праціўнікаў удзелу ў парлямэнцкіх выбарах шэраг аргумэнтаў. Тыя, хто ня супраць уключыцца ў выбарчую гонку, разважаюць гэтак: да ўлады можна прыйсьці толькі праз выбары або сілаю. Але паколькі ніхто ў Беларусі ня мае намеру зарганізаваць грамадзянскую вайну або вайсковы путч, дык застаецца толькі адно выйсьце – выбары.

Сапраўды, і Выбарчы кодэкс ня самы лепшы, і «Палату прадстаўнікоў» цяжка назваць паўнаважкім парлямэнтам, але нічога ня зробіш. Да таго ж, палітычнай апазыцыі даўно пара стаць сыстэмнай, паколькі магчымасьці пазасыстэмных крытыкаў улады вельмі абмежаваныя.

Тыя, хто хочуць байкатаваць выбары, падкрэсьліваюць перш-наперш адсутнасьць сур'ёзных паўнамоцтваў «Палаты прадстаўнікоў» — гэтага сваеасаблівага сурагату сапраўднага парлямэнту. «Палата» ня можа кантраляваць урад, міністраў, тым больш прэзыдэнта, караць іх за памылкі, накіроўваць у адстаўку. Нават самага элемэнтарнага – заканадаўчай ініцыятывы дэпутатаў – лукашэнкавая Канстытуцыя не прадугледжвае.

Да таго ж, удзел у выбарах у «палату» легітымізуе антыканстытуцыйны пераварот, учынены ў лістападзе 1996 году. Навошта ўласнымі рукамі рабіць тое, чаго Лукашэнка ня можа дамагчыся ўжо тры з паловаю гады?

Магчыма, апанэнтам было б куды прасьцей знайсьці паразуменьне, калі б яны разглядалі парлямэнцкія выбары не як лёсавызначальныя і завяршальныя, а толькі як частку выбарчае гонкі. Кажучы моваю спорту, парлямэнцкія выбары – гэта прамежкавы этап, выбары прэзыдэнта краіны – асноўны фініш.

З аднаго боку, посьпех на прамежкавым фінішы дае большую ўпэўненасьць ва ўласных сілах. З другога – ёсьць шмат прыкладаў, калі папярэдні пераможца затым атрымліваў паразу на прыканцы гонкі. І тады ўсё, што яшчэ зусім ня даўна здавалася такім важным і важкім, адразу губляла сваю прывабнасьць.

А таму можна ставіць наступнае пытаньне: што лепш для апазыцыі – атрымаць некалькі дзясяткаў мандатаў у «кішэннай» палатцы, або дамагчыся непрызнаньня парлямэнцкіх выбараў, паколькі яны не адпавядаюць міжнародным стандартам?

Апошні зьезд Аб'яднанае Гамадзянскае партыі паказаў, што другі варыянт знаходзіць усё больш прыхільнікаў. Актывісты апазыцыі пачынаюць разумець: калі міжнародная супольнасьць не дашле ўвосень сваіх назіральнікаў у Беларусь і такім чынам зафіксуе неадпаведнасьць выбараў дэмакратычным і справядлівым стандартам, шанцы Лукашэнкі на перамогу ў прэзыдэнкіх выбарах 2001 году значна паменшацца. Хаця б таму, што ў той жа Маскве падумаюць: а ці патрэбна рабіць стаўку на асобу, у якой увесь час існуе праблема зь легітымнасьцю?

Разуменьне такіх пэрспэктываў дае магчымасьць скарэктаваць тактыку апазыцыі. Яна можа й павінна цяпер патрабаваць ад уладаў куды большых саступак ва ўсіх трох галоўных праблемах: абавязковага паляпшэньня Выбарчага кодэксу, гарантаванага доступу да дзяржаўных мас-мэдыяў і сур'ёзнага зьмяненьня функцыяў і паўнамоцтваў парлямэнту.

А рашэньне пра ўдзел або няўдзел у выбарах будзе прымацца толькі пасьля таго, як стане бачным, на якія саступкі рэальна пайшла ўлада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG