Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 красавіка 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Праваахоўчыя ворганы Берасьця, якія на мінулым тыдні пастанавілі дэпартаваць мясцовага ксяндза-паляка, гатовыя ўжыць жорсткія сродкі і супраць вернікаў, якія абараняюць свайго сьвятара.

Нагадаем, што 18 красавіка больш за 100 вернікаў Каталіцкага касьцёлу прыйшлі да будынку берасьцейскага аблвыканкаму, каб давесьці кіраўніцтву вобласьці свой пункт погляду ў справе Зьбігнева Кароляка. Пасьля ўчорашніх падзеяў, калі вернікі аблажылі ўваход у выканкам і негвалтоўна супраціўляліся міліцыянтам з дапамогай малітвы, ніхто да іх так і ня выйшаў.

Наступнай раніцай супрацоўнікі міліцыі ўручылі позвы чатыром парафіянам. Ядзьвіга Церпілоўская, Ганна Врубель, Ірына Карвацкая і Ян Смаль выклікаліся на 10 гадзінаў сёньня ў Ленінскі РАУС у якасьці сьведкаў. Калі названыя асобы зьявіліся ў аддзяленьні, ім абвесьцілі, што выклікалі не як сьведкаў, а як парушальнікаў закону. На выкліканых былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні на падставе артыкулу 167 часткі 1 "правядзеньне несанкцыянаванага сходу".

Між тым раніцай 19 красавіка парафіяне касьцёлу пачалі ізноў зьбірацца каля аблвыканкаму, куды неўзабаве пад'ехалі першы намесьнік кіраўніка абласной міліцыі Тадэвуш Слыганоўскі і начальнік Ленінскага РАУС Аркадзь Касьцючык. У вельмі рэзкай форме з выкарыстаньнем ненармаванай лексікі міліцэйскія чыноўнікі запатрабавалі ад вернікаў зьняць аблогу аблвыканкаму, у іншым выпадку ім пагражалі затрыманьнем і ўзбуджэньнем крымінальнай справы. Каталікоў таксама папярэдзілі, што калі яны будуць працягваць сваю акцыю пратэсту, дык дэпартацыя Кароляка адбудзецца ў бліжэйшы час, калі ж вернікі спыняць свае паходы да выканкамаўскіх будынкаў, ксёндз застанецца ў Берасьці яшчэ як мінімум на Вялікодныя сьвяты. Гэтыя аргумэнты міліцэйскага начальства людзі ўспрынялі зь недаверам, але ўсё ж вырашылі вярнууцца ў касьцёл.

Тым часам сёньня а палове трэйцяй у судзе Ленінскага раёну Берасьця пачаўся разгляд адміністрацыйных справаў вернікаў, якіх міліцыянты абвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня масавых акцыяў. Пад час суду парафіяне заявілі, што ня мелі намеру парушаць грамадзкі парадак і прыйшлі ў аблвыканкам, каб запісацца на прыём да Васіля Даўгалёва, але ім у канцылярыі адмовілі. Судзьдзя, выслухаўшы гэтыя аргумэнты і паказаньні сьведкаў-міліцыянтаў, пастанавіў абвесьціць папярэджаньне ўсім чатыром вернікам.

Між тым, каталікі працягваюць бесьперапыннае дзяжурства ў касьцёле, каб не дапусьціць дэпартацыі Зьбігнева Кароляка.

XS
SM
MD
LG