Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 красавіка 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Увечары 14 красавіка – таго самага дня, калі ў менскім Палацы мастацтваў была адчыненая невялікая выстава творчае суполкі "Пагоня", зь ейнай экспазыцыі зьнік адзін твор. Усе прамінулыя дні нашая карэспандэнтка спрабавала высьветліць абставіны гэтага таямнічага зьнікненьня. І вось што стала вядома

"Вясна–2000. Час саліць гуркі", – гэтак называецца зьніклая праца. Гэта інсталяцыя двух аўтараў – Алега Карповіча й Пётры Русака. Яна складаецца з партрэту кіраўніка краіны, выкананага, так скажам, не ў клясычнай манэры, ды пакладзеных на століку пры ім гуркоў.

Інсталяцыя прывабіла вялікую ўвагу ня толькі шматлікіх прыхільнікаў гэтага творчага жанру, якія прыйшлі ў мінулую пятніцу на адкрыцьцё выставы "пагонеўцаў", але й тых, хто сочыць на выставах за "ідэялягічнаю чысьцінёю". Але калі першыя засьведчылі свой інтарэс публічна, да самага закрыцьця залі не адыходзячыся ад выстаўленага твору, то другія выявілі павышаную цікавасьць да інсталяцыі таемна, пасьля таго, як дзьверы Палацу мастацтваў зачыніліся за апошнім наведнікам.

15 красавіка, назаўтра пасьля адкрыцьця выставы, на мейсцы інсталяцыі ў экспазыцыі было пуста. На пытаньне, куды падзеўся твор, супрацоўнікі палацу адказвалі, што нічога ня ведаюць. Спробы знайсьці адказ у дырэкцыі сталіся марнымі з прычыны выхадных дзён, якія доўжыліся ўлучна панядзелак.

І вось як сёньня патлумачыў прапажу твора з экспазыцыі дырэктар палацу Валеры Какоўкін.

(Какоўкін: ) "Все работы нами приняты на остветственное хранение, а то, что о какой-то инсталляции вы говорите – у нас её нет в экспозиции".

(Аксак: ) "Тое, што ў экспазіцыі няма – я ведаю. А дзе яна?"

(Какоўкін: ) "Понятия не имею".

(Аксак: ) "А хто можа адказаць нам на гэтае пытаньне?"

(Какоўкін: ) "Может, организаторы вам скажут – Союз Художников…"

Я скарыстала параду дырэктара Палацу мастацтваў спадара Какоўкіна.

Адзін з кіраўнікоў Саюзу мастакоў Уладзімер Басалыга, які быў на адкрыцьці выставы, аказаўся абазнаным у гісторыі з таямнічым зьнікненьнем. Назваў і прычыны яго.

(Басалыга: ) "Лепш за ўсё зьвярніцеся да Міколы – ён вам растлумачыць. Я да гэтага ніякага дачыненьня ня маю. Як як афіцыйная асоба прыйшоў, прыняў удзел. Нас жа чым можна ўціснуць – майстэрняй творчай, і ўсё. І "Пагоняўцы" таксама гэта разумеюць добра, і яны самі прынялі такое рашэньне: на адкрыцьці было, а пасьля – не рабіць. Са згоды самога Купавы".

Старшыня мастацкае суполкі "Пагоня" Мікола Купава быў надзвычай зьдзіўлены заяваю Ўладзімера Басалыгі.

(Купава: ) "Для мяне гэта навіна: відаць, яны гульні нейкія задумалі… Самі нешта рабілі – няхай і адказваюць за гэта".

Аўтары зьніклае інсталяцыі Пётра Русак і Алег Карповіч ня зьдзіўленыя з таго, што твор зьняты з экспазыцыі, але надзвычай уражаныя мэтадам дзеяньня спалоханых чыноўнікаў. Якія не палічылі патрэбным нават паведаміць мастаком пра сваё цэнзураваньне экспазыцыі. Творы, якія чыноўнікі ад культуры лічылі крамолаю, здымалі і з папярэдніх выставаў "Пагоні", але пра сваё рашэньні, прынамсі, хаця б ставілі мастакоў у вядомасьць.

Што ж тычна самога твору, то адзін зь ягоных аўтараў лічыць, што гісторыя зьяўленьня твору будзе ня менш цікавая за гісторыю зьнікнеьня.

(Карповіч: ) "Інсталяцыя працягваецца, гісторыя не закончылася на зьнікненьні – яшчэ будзе гісторыя аб тым, як гэта ўсё знойдзецца. Гэта працэс, карціна працягваецца. Усё самае вясёлае яшчэ наперадзе".

Калі ён мае рацыю, то напрыканцы месяца "пагонеўцаў" уцягнуць у яшчэ адзін матацка-крымінальны дэтэктыў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG