Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былой дырэктарцы Менскага дзяржаўнага цырку Тацяне Бандарчук прад'яўленае абвінавачваньне ў атрыманьні хабару. Ёй пагражае зьняволеньне да васьмі гадоў турмы й канфіскацыя маёмасьці. У справе Тацяны Бандарчук цяпер ужо фігуруе некалькі хабараў на агульную суму блізу 20 тысячаў даляраў.

Былая дырэктарка Менскага цырку Тацяна Бандарчук, якая была арыштаваная тыдзень таму на працоўным месцы, перайшла з катэгорыі тых, каго падазраюць у злачынстве, у шэрагі абвінавачваных. Яе справу вядзе сьледчы ў асабліва важных справах пракуратуры краіны Ўладзімер Шубро, які й пацьвердзіў нашаму радыё факт прад'яўленьня Тацяне Бандарчук афіцыйнага абвінавачваньня:

(Шубро: ) "Обвинение пред'явлено, больше я сказать ничего не могу. До свидания…"

Удалося атрымаць пацьверджаньне, што былой дырэктарцы прад'яўлена абвінавачваньне менавіта ў хабарніцтве. Такім чынам, ёй пагражае да васьмі гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці. Адказваць на пытаньне наконт таго, ці прызнае Тацяна Бандарчук сваю віну, сьледчы адмовіўся.

Таксама нічога не было сказана пра іншыя эпізоды справы. Між тым, паводле дадзеных зь іншых крыніцаў, да першага эпізоду з атрыманьнем 4.900 даляраў ад артысткі цырку Тацяны Цімчанцы дадаліся яшчэ некалькі эпізодаў. Калі верыць гэтым дадзеным, Тацяна Бандарчук падазраецца ў атрыманьні з кастрычніка мінулага году яшчэ прыкладна 15-ці тысячаў даляраў.

Сама Бандарчук, наколькі вядома, сваю віну не прызнае. Яе сын Сяргей ужо заявіў беларускім журналістам, што арышт ягонай маці нібыта стаў вынікам правакацыі артысткі Цімчанкі, якая хацела незаконна прыдбаць нумар з марскімі ільвамі й коцікамі, а Тацяна Бандарчук, маўляў, была супраць гэтае "прыхватызацыі". Сяргей сьцьвярждае, што маці магла пазычаць грошы, але ніколі не ўзяла б хабар. Дарэчы, Сяргей Бандарчук працаваў у цырку дырэктарам праграмаў, але некалькі дзён таму звольніўся.

Пацьвярджаюцца дадзеныя пра сваяцкія сувязі Тацяны Бандарчук з віцэ-прэм'ерам Уладзімерам Замяталіным. Паводле маіх дадзеных, гэта прызнаў і сын арыштаванае дырэктаркі, які, аднак, сьцьвярджае, што яны даўно не падтрымлівалі аніякіх кантактаў зь сямьёю Замяталіна.

Пры гэтым Сяргей абвяргае зьвесткі пра тое, быццам цяперашні віцэ-прэм'ер Уладзімер Замяталін спрычыніўся да прызначэньня маці на пасаду дырэктара цырка. Аднак не адвяргае знаёмства з вышэйшымі кіраўнікамі краіны. "Інакш і не магло быць, калі ўлічыць, што ў цырку штогод праводзілася прэзыдэнцкая ёлка", – кажа Сяргей Бандарчук.

Дагэтуль не зьявілася аніякае іншае вэрсіі арышту Тацяны Бандарчук, акрамя звычайнае барацьбы з хабарніцтвам сярод службовых асобаў. Крыніцы ў міліцыі сьцьвярджаюць, што выпадкова такое адбыцца не магло. Маўляў, апэратыўныя супрацоўнікі, якія займаліся гэтай справаю, дзейнічалі ў звычайным рэжыме працы – спачатку быў пастаўлены на праслухоўваньне тэлефон падазронай, за ёю доўга сачылі й толькі потым адбылася апэрацыя затрыманьня на месцы злачынства.

"Сьледчыя, вядома, ведаюць пра сваяцкія ды іншыя сувязі Бандарчук, аднак тое, што яе ня выпусьцілі й прад'явілі абвінавачваньне ў ізалятары, падказвае, што гэтая справа мае шанцы дайсьці да суду", – сказаў мне адзін супрацоўнік пракуратуры.

Дарэчы, паводле некаторых зьвестак, былая дырэктарка ў сьледчым ізалятары паводзіць сябе мужна й нават з выклікам – спачатку яна патрабавала зьмены меры стрыманьня, а цяпер дамагаецца паляпшэньня ўмоваў. Турэмшчыкі кажуць, што такіх "сядзельцаў" ім даводзілася бачыць няшмат.

XS
SM
MD
LG