Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 красавіка 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Агалошаны ўказ Аляксандра Лукашэнкі аб палёгках у крэдытаваньні жыльлёвага будаўніцтва. Згодна зь ім, умовы крэдытаваньня становяцца больш жорсткімі, чым былі раней. Многім грамадзянам Беларусі ў выніку давядзецца разьвітацца з надзеяй на хуткае вырашэньне жыльлёвае праблемы.

Як мне паведамілі ў Міністэрстве архітэктуры й будаўніцтва, фактычна новы дакумэнт аб'ядноўвае некалькі ўказаў, якія былі падпісаныя на працягу апошніх гадоў. Аднак адначасова ён значна зьмяняе ўмовы для тых, хто хоча атрымаць крэдыт. Раней можна было разьлічваць на палёгкі ў крэдытаваньні тэрмінам на 40 гадоў пад 5 адсоткаў гадавых. Цяпер крэдыты для гарадзкіх жыхароў выдаюцца толькі на 20 гадоў пад 10 адсоткаў на год. Толькі ў сельскай мясцовасьці можна аддаваць крэдыт на працягу 40 гадоў.

У Міністэрстве архітэктуры й будаўніцтва патлумачылі, што новыя ўмовы палёгкаў у крэдытаваньні зьвязаныя с высокай інфляцыяй, якая робіць для банка крэдытаваньне на тых умовах, што былі раней, вельмі невыгодным.

Да таго ж, указам зьмененыя аб'ёмы крэдытаваньня. Раней можна было атрымаць крэдыт на будаўніцтва й рэканструкцыю 90 адсоткаў кошту памяшканьня. Цяпер гарадзкія жыхары могуць разьлічваць на крэдытаваньне толькі 75 адсоткаў плошчаў.

Дарэчы, у Менску крэдыты з палёгкаю заўсёды былі меншымі. Нават раней тут можна было атрымаць крэдыт толькі на будаўніцтва 60 адсоткаў плошчаў. У Міністэрстве архітэктуры патлумачылі, што раней сям'я, якая брала крэдыт на будаўніцтва 60-мэтровае кватэры, у выніку будавала 80-90 мэтраў. Гэта не забараняецца. Сям'я з трох чалавек можа пабудаваць трохпакаёвую кватэру, але атрымае меншы крэдыт. Атрымаць палёгкі ў крэдытаваньні на будаўніцтва 95 адсоткаў плошчы могуць толькі сельскія жыхары.

Дакумэнт прадугледжвае вялікія штрафы ў выпадку ўзычэньня крэдытаў з палёгкамі сем'ям, якія насамрэч не ўваходзяць у катэгорыю малазабясьпечаных, і не стаяць у адмысловай чарзе.

Трэба дадаць, што атрымаць крэдыт на будаўніцтва надзвычай складана. Асабіста я яшчэ ня бачыла аніводнага чалавека, які б за кошт дзяржаўнага крэдыту пабудаваў жыльлё. Мае сябры – маладая сям'я – некалькі гадоў таму абыйшлі ўсе інстанцыі, каб атрымаць крэдыт, але ўрэшце зразумелі, што без знаёмства ва ўладных кабінэтах не атрымаюць анічога.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG