Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 красавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Новае кіраўніцтва Аб'яднанае Грамадзянскае партыі заяўляе, што мае намер перарабіць АГП з элітнага клюбу ў масавую народную партыю.

На першую прэсавую канфэрэнцыю пасьля пятага зьезду Аб'яднанае Грамадзянскае партыі прыйшлі як новы, гэтак і ранейшы старшыня АГП. Гэта падкрэсьліла пераемнасьць курсу й цывілізаванасьць працэсу ратацыі і амаладжэньня кіруючае партыйнае эліты. Пра што й нагадалі партыйныя лідэры. Былы лідэр, а цяпер ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч ахарактарызаваў свайго пераемніка вельмі станоўча:

"Анатоль Лябедзька як грамадзкі дзяяч, як дзяяч нашае партыі вырас на нашых вачох. Я лічу, што ён стаў буйной асобаю і зможа павесьці нашую лодку, і ператварыць яе ў карабель, бо калі я быў лідэрам, партыя ўсё ж такі не паратварылася з элітнага клюбу ў масавую народную партыю", – гаварыў Станіслаў Багданкевіч.

Такім чынам, галоўнай задачаю для Лябедзькі стала ператварэньне АГП, што мае на сёньня тры тысячы сяброў, у масавую арганізацыю, ідэялёгію якой прызнае сваёй вялікая частка грамадзтва. Вось як бачыць шлях да пастаўленае мэты, праграму й новыя мэтады дзейнасьці новы лідэр Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька:

"Праграма-максімум – гэта прыход АГП да ўлады на Беларусі разам з нашымі патэнцыйнымі саюзьнікамі, і мэта наша – незалежная, дэмакратычная, свабодная Беларусь, якая карыстаецца вялікай павагай у сьвеце. Што будзе новага: па-першае, мы прапануем да восені нашым грамадзянам дакумэнт палітычнага агітацыйнага зьместу – што трэба рабіць на ўзроўні кожнага рэгіёну. Мы будзем ствараць нефармальную структуру – назвы яшчэ няма, умоўна, можа, будзе нейкі "Грамадзянскі саюз", у цэнтры якога будзе АГП, а вакол прыкладна 15 грамадзкіх арганізацыяў, якія ідэалягічна блізкія да нашай партыі. Бліжэйшым часам мы створым жаночую арганізацыю. Мы заявілі на зьезьдзе, што АГП прэтэндуе на тое, каб быць пасярэдніцай паміж Беларусьсю дэмакратычнай і дэмсіламі Расеі ", – сказаў Анатоль Лябедзька.

На пятым зьезьдзе АГП найбольш дыскусійным пытаньнем быў праект рэзалюцыі аб удзеле ў будучых парлямэнцкіх выбарах. На гэты момант яшчэ рана гаварыць, што АГП уключаецца ў перадвыбарчую кампанію.

(Лябедзька: )"АГП рыхтуецца да ўдзелу ў выбарах, але канчатковае рашэньне мы будзем прымаць толькі тады, калі будзе зразумела, паводле якіх правілаў, у якіх умовах будуць праводзіцца гэтыя выбары".

Акрамя таго, Лябедзька паведаміў, што ён прыкладзе шмат намаганьняў дзеля пошуку актывістаў АГП Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі й Анатоля Красоўскага. Паводле апошняй інфармацыі, якой валодае Лябедзька, знайшліся сьведкі, што бачылі, як выкрадалі Ганчара й Красоўскага. Аднак паведаміць пра іх больш падрабязна ён адмовіўся, каб не стварыць гэтым людзям дадатковых праблемаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG