Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 красавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сябры аргкамітэту ў падрыхтоўцы "Чарнобыльскага Шляху" лічаць, што ўлады наўмысна зацягваюць час і не даюць адказу на пададзеную ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт заяўку на правядзеньне 26 красавіка дэманстрацыі й мітынгу з нагоды 14-й гадавіны Чарнобыльскае катастрофы. Аднак, арганізатары Шляху сьцьвярджаюць, што гэтым разам рыхтуюцца да любога варыянту разьвіцьця падзеяў і ўладам ня ўдасца паўтарыць сцэнар 25 сакавіка.

Прадстаўнікі арганізацыйнага камітэту "Чарнобыльскага Шляху" гавораць, што ўлады зноў, як і напярэдадні Дня Волі, паводзяць сябе неканструктыўна. Да пачатку акцыі застаецца крыху больш за тыдзень, а менскія ўлады яшчэ ні разу не сустрэліся з арганізатарамі, не прапанавалі ніякіх варыянтаў маршруту руху калёны й навогул, робяць выгляд, што гарадзкі выканаўчы камітэт не цікавіць гэтая праблема. Гаворыць сябра аргкамітэту "Чарнобыльскага Шляху", сакратар управы БНФ Аляксей Кавалец:

"Цягнуць да апошняга: яны зараз самі ня ведаюць, што рабіць пасьля ўсих гэтыя падзеяў. У мяне ўражаньне, што яны ведаюць, што Чарнобыльскі шлях будзе вельмі магутным, і ня ведаюць, якое рашэньне прымаць. Раяцца, мабыць. І цягнуць да апошняга, каб мы былі менш падрыхтаваными", – лічыць спадар Кавалец.

Фармальна, у гарадзкіх уладаў яшчэ ёсьць час, каб даць афіцыйны адказ арганізатарам "Чарнобыльскага Шляху" (Паводле закону, выканаўчы камітэт мусіць прыняць рашэньне адносна заяўкі не пазьней чым за пяць дзён да правядзеньня акцыі).

Аднак, на думку сябраў аргкамітэту Шляху, 80-тысячнае шэсьце, што мае адбыцца 26 красавіка – не звычайная шэраговая акцыя, і калі б улады сапраўды былі зацікаўленыя ў тым, каб яна прайшла спакойна й цывілізавана, то ўжо даўно пачалі б абмяркоўваць з арганізатарамі гэтае пытаньне.

Аднак гарвыканкамаўскія чыноўнікі сьцьвярджаюць, што ніхто наўмысна час не зацягвае, і заяўка на правядзеньне "Чарнобыльскага Шляху" будзе разгледжаная сваечасова. Памочнік намесьніка старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту спадара Чыкіна Анатоль Астахаў так патлумачыў прычыны таго, што рашэньне адносна акцыі 26 красавіка яшчэ не прынятае:

"Пакуль папера праходзіць, яна ж не адразу трапляе да выканаўцы. Яна ж праходзіць адпаведную канцылярыю і г.д. Потым, вельмі шмат чарнобыльскіх арганізацыяў – зь імі раяцца, што чаго, і як зрабіць, і прымаецца адпаведнае рашэньне. Паводле закону – за пяць дзён аб'яўляецца арганізатару. Аніякіх праблемаў няма, усё будзе, як і належыць, зарганізавана і ўсё абыйдзецца нармальна. Я думаю, што арганізатарам ужо самім абрыдла займацца глупствам", – распавёў спадар Астахаў.

Гэты чыноўнік таксама паведаміў, што арганізатараў "Чарнобыльскага Шляху" запросяць на сустрэчу ў гарадзкую "вэртыкаль" ужо ў самыя бліжэйшыя дні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG