Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 красавіка 2000 г.


Мікола Іваноў

Цэны акцыяў на фондавых біржах усяго сьвету працягвалі падаць пасьля рэкорднага зьніжэньня іх кошту ў пятніцу на мінулым тыдні. Амэрыканскі фінасавы крызіс цяпер распаўсюдзіўся практычна на ўвесь сьвет.

У Эўропе спэцыялісты-маклеры на фондавых біржах акрэсьліваюць сытуацыю, як "кантраляваную паніку". У Францыі ды Італіі сярэдняе падзеньне курсу акцыяў склало 5%, у Вялікай Брытаніі – 3%.

Паўднёвая Карэя зарэгістравала рэкордны ўзровень спаду – 11%. Японскі фондавы рынак таксама б'е рэкорды. Тут сярэдняя цана курсу акцыяў зьнізілася на 7%. Аўстралійскі фондавы рынак мае адмоўны паказчык – 5%.

Крызіс распаўсюдзіўся на Цэнтральную і Ўсходнюю Эўропу. Ад Будапешта да Масквы акцыі сталі таньнейшымі ад 3 да 9%.

А ўсё пачалося ад фінансавага крызісу самай вялікай кампутарнай кампаніі сьвету "Майкрасофт", якую амэрыканскі ўрад абвінаваціў у манапалізме. Інвэстацыйная палітыка "Майкрасофту" спрычыніліся якраз да нічым не абгрунтаванага павелічэньня курсу акцыяў як самога "Майкрасофту", так і іншых высокатэхналягічных кампаніяў.

На працягу апошніх 12-15 гадоў курсы акцыяў самога "Майкрасофту" ды іншых кампутарных кампаніяў узрасьлі ў дзесяткі разоў. Тысячы людзей, якія яшчэ нядаўны былі простымі праграмістамі, сталі мільянэрамі. Як піша біржавы аналітык Стыв Лор на старонках газэты "New York Times", штогод акцыі галоўных высокатэхналягічных кампаніяў сьвету расьлі на прыблізна 20%, а некаторых – нават на 100%. У галіне кампутарнай тэхналёгіі назіраўся выразны бум, які не заўсёды быў абгрунтаваны. Гэта спрычынілася да выразнага перагрэву інвэстfцыйнай кан'юктуры. Калі ў 1998 годзе ў кампутарную прамысловасmць ЗША было інвэставана 19,2 млрд. даляраў, дык у 1999 годзе – 48,3 млрд.

Пачаўся працэс накіраваньня сюды сродкаў рознымі інвэстацыйнымі фондамі, якія мелі практычна неабмежаваныя магчымасьці. Былы кіраўнік Майкрасофту і ягоны галоўны ўладальнік Біл Гэйтс і іншыя кіраўнікі кампутарнага бізнэсу рабілі ўражаньне, што высокатэхналягічная галіна эканомікі ў стане пераварыць усе гэтыя вялізныя сродкі. Справа дайшла да таго, што напярэдадні крызісу тэмп інвэставаньня ў гэтую галіну раўняўся прыблізна 2 млрд. даляраў у тыдзень.

Усё гэта прывяло да перагрэву ня толькі кампутарнай індустрыі, але і ўсёй амэрыканскай гаспадаркі. Дасьведчаныя эканамісты ўжо даўно гаварылі аб тым, што кампутаршчыкаў даўно трэба "вярнуць на зямлю", і што іх фінансавы крах немінучы. Але тысячы, дзесяткі і нават сотні тысячаў малых і вялікіх інвэстараў прываблівалі надзвычайныя прыбыткі, і капіталаўкладаньні ў галіну расьлі і расьлі.

Але сярод вядомых аналітыкаў-эканамістаў ёсьць і такія, хто лічыць, што сёньняшні спад курсу акцыяў – часовая тэндэнцыя. Голдман Сакс, прафэсар Гарвардзкага ўнівэрсытэту мяркуе, што за кампутарнымі тэхналёгіямі будучыня. Уваход Інтэрнэту практычна ва ўсе сфэры эканамічнай дзейнасьці – тэндэнцыя неабарачальная. На ягоную думку ў будучыні Інтэрнэт павінен зьменьшыць сярэднія цэны ў заходнім сьвеце прыблізна на 4%. Сюды зноў паплывуць інвэстыцыі. А з гэтага скарыстаюць усе спажыўцы.

Каб неяк супакоіць панічныя настроі сярод мільёнаў дробных інвэстараў Эўрапейская Камісія паведаміла, што на думку яе экспэртаў спад вартасьці акцыяў – гэта неабходная карэкцыя цэнаў, якія ў хуткім часе стабілізуюцца.

XS
SM
MD
LG