Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 красавіка 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Пачынаючы з гэтага тыдня, кожную ноч аж да 9 траўня цэнтар Менску будзе пераводзіцца на ваеннае становішча. Вайскоўцы пачынаюць рэпэтыцыі параду да Дня Перамогі.

Сцэнар маючага адбыцца вайсковага параду цалкам засакрэчаны. Вядома толькі, што ў маршы возьмуць удзел практычна ўсе роды войскаў, разам з авіяцыяй.

Колькі будзе каштаваць беларускім падаткаплацельшчыкам дэманстрацыя моцы, пакуль невядома. Начальнік управы вайскова-бюджэтнае службы Пятро Галезьнік, спаслаўшыся на вайсковую гіерархію, адмовіўся назваць лічбы. Прэсавы-сакратар Міністэрства абароны Леанід Прышчэпа абмежаваўся паведамленьнем, што журналісты атрымаюць адмысловую акрэдытацыю на фінальную частку рэпэтыцыі і на свае вочы ўбачаць усю веліч арміі.

Тое, што размах будзе, сумнявацца не даводзіцца: галоўнакамандуючы Аляксандар Лукашэнка даўно заўважаны ў прыхільнасьці да ваеннай гіпэрбалізацыі. Гэта асабліва актуальна ў рэчышчы ягоных заяваў наконт шматразовага павелічэньня хаўруснае антыNATOўскае групоўкі.

Ёсьць зьвесткі, што яшчэ паўгады таму міністар абароны асабіста прасіў у Лукашэнкі грошы на парад Перамогі. Не сакрэт, што матэрыяльна-тэхнічная камплектацыя беларускага войска ймкліва набліжаецца да крытычнай адзнакі. Самалётны парк амаль на 80 адсоткаў выведзены са строю. Ня лепшая сытуацыя і ў бранятанкавых палкох.

Але вядома, што Лукашэнка адмовіўся ад шырокамаштабнага фінансаваньня, параіўшы навесьці вонкавы бляск на рэзэрве. Пакуль што сродкі пералічаныя толькі барысаўскай фірме "Сталкер" для набыцьця 30 новых УАЗікаў і "дынамаўскім" фабрыкам на абнаўленьне салдацкага абмундзіраваньня.

Пры ўсёй вонкавай пампезнасьці парадаў яны зьяўляюцца адным з рэдкіх момантаў, калі вайскоўцы могуць рэальна сесьці за танкавыя рычагі ці штурвал самалёту. Тэорыя даўно замяніла практыку. Дэкляраваныя Лукашэнкам заявы (маўляў, мы – самыя моцныя ў Эўропе) з рэальнасьцю маюць мала агульнага. Адсутнасьць грошай на паліва й тэхнічнае пераўзбраеньне ператварылі некалі магутную вайсковую акругу ў адзінку, у баяздольнасьці якой даводзіцца сумнявацца.

Аўтарытэт арміі працягвае зьніжацца. Патэнцыйныя прызыўнікі робяць усё дзеля таго, каб уцячы ад безсэнсоўнае службы. Надоечы актывісты "Маладога Фронту" й "Маладое Грамады" распаўсюдзілі супольную заяву, у якой, у прыватнасьці, гаворыцца:

"…Мы, беларуская моладзь, адмаўляемся служыць у арміі, у якой лётчыкі развучыліся лётаць, а артылерысты – страляць. Сёньня салдаты ходзяць харачавацца дадому, бо у армейскіх сталоўках не хапае прадуктаў. Навабранцаў апранаюць у рызьзё трэцяга тэрміну носкі. Нават камуфляжную форму салдатам вымушаныя купляць бацькі. Мы за прафэсійную і забясьпечаную армію. Або – за альтэрнатыўную службу, дзе прызыўнікі аддаюць сацыяльную даніну ў шпіталях ці на будаўніцтве дарогаў".

Некамплект – адная з галоўных праблемаў беларускага войска. Нездарма паняцьці восеньскага й веснавога прызываў зьмяніліся па-засэзонным адловам усіх без разбору. Дэфіцыт адных толькі афіцэраў зараз складае каля 4,5 тысячаў. Пэнсія ў 20 даляраў прываблівае ўсё менш рамантыкаў вайсковае службы.

Ці патрэбны на гэтым тле фінансаваёмістыя вайсковыя парады – пытаньне маральнае. Але беларуская армія ўжо даўно жыве па-за законамі лёгікі.

XS
SM
MD
LG