Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 17 красавіка 2000 г.


Учора ў Барысаве невядомымі зламысьнікамі былі апаганеныя помнік і мейсца пахаваньня гэбраяў, што былі расстраляныя фашыстоўскімі акупантамі ў лістападзе 1941 году.

Невядомыя вандалы папсавалі вакол дзьвюх брацкіх магілаў мэталёвую агароджу, апаганілі адну з магілаў, размалявалі стэлу.

Людзі, якіх я застаў на месцы, дзе адбылося гэта дзікунства, маўчалі ў здранцьвеньні. Яны адмаўляліся камэнтаваць тое, што тут было ўчынена некалькі гадзінаў раней. Паводле зразумелых прычынаў – баяліся. Толькі лідэр мясцовых сацыял-дэмакратаў Аляксандар Абрамовіч сказаў, што грамадзянская згода між жыхарамі шматнацыянальнага Барысава ўжо даўно знаходзіцца ў небясьпецы.

Спадар Абрамовіч лічыць, што злачынства ўчынілі тутэйшыя фашысты зь ліку прыхільнікаў арганізацыі "РНЕ". Таму ў горадзе створаны й дзейнічае антыфашыстоўскі камітэт, у склад якога ўваходзяць хлопцы з "Маладога Фронту" й "Маладой Грамады".

Вандалы не пакідаюць у спакоі і многія помнікі гісторыі. Напрыклад, сёлета нейкія "скарбашукальнікі" раскапалі адзін з курганоў у ваколіцах Барысава, чый век сягае ажно да дванаццатага стагодзьдзя. Пракуратура Менскае вобласьці ўзбудзіла крымінальную справу, але пакуль што вынікаў сьледзтва няма.

Крыху раней быў зьнішчаны помнік старадарожцам, якія загінулі пад час 2-е Ўсясьветнае вайны. Помнік у постперабудовачны пэрыяд стварылі сябры гістарычнага клюбу "Спадчына" Шатэрнік і Міхайлаў. Ён уяўляў сабой Руку, зробленую з алюмінію, што трымала крыж. Помнік усталявалі ў ваколіцах Старых Дарог, на пад'езьдзе з боку Слуцку. На прыканцы сакавіка невядомыя вандалы сьпілавалі тыя Руку і крыж. Мясцовыя ўлады, якія ня здолелі раскрыць злачынства, нядаўна, паводле словаў Анатоля Белага, зьвярнуліся да яго й папрасілі аднавіць гэты помнік.

(Белы: ) "Я прапанаваў ім з чыгуну адліць руку й шыльду. Барбарства, канешне, нейкая дзікасьць адбылася ў нас".

Гэта быў Анатоль Белы, які паведаміў, што аўтары пайшлі насустрач уладам: вырашылі аднавіць помнік да 9 траўня, каб кіраўнікі раённага выканаўчага камітэту маглі каля гэтага мейсца правесьці акцыю, прысьвечаную Дню Перамогі.

Паводле дадзеных абласное рады Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, падобныя факты на Меншчыне зарэгістраваныя ў 10 раёнах, а сьледчымі ворганамі ўзбуджаная 51 крымінальная справа. І толькі 15 перададзеныя ў суды. Як сьцьвярджае намесьнік старшыні згаданае рады Аляксандар Балоцін, у такім становішчы вінаватае абыякавае стаўленьне ўладаў да агульнанацыянальных каштоўнасьцяў.

Алесь Мікалайчанка, Барысаў – Старыя Дарогі – Менск

XS
SM
MD
LG