Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 красавіка 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

- Правесьці 14 траўня ў Менску мітынг пратэсту супрaць зьнішчэньня беларускае мовы;
- Мітынгі або пікеты з патрабаваньнем наданьня беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнае правесьці ўсім зарэгістраваным рэгіянальным суполкам.
Гэтыя ды іншыя рашэньні прынятыя на паседжаньні рэспубліканскае рады Таварыства Беларускае Мовы, якое 16 красавіка адбылося ў Менску.

Дата правядзеньня мітынгаў ды пікетаў з патрабаваньнем спыніць лінгвацыд беларускае мовы ды надаць ёй рэальны статус дзяржаўнае абраная невыпадкова, яна супадае з днём травеньскага 1995 году рэфэрэндуму, паводле якога мова тытульнае нацыі краіны страціла сваё законнае мейсца ў жыцьці дзяржавы. Пяць пасьлярэфэрэндумных гадоў улада маніпулявала ягонымі вынікамі, спасылаючыся нібыта на волевыяўленьне народу.

Аднак пад час мінулагодняга перапісу жыхроў Беларусі народ выразна засьведчыў сваё стаўленьне да роднае мовы. Больш за 82 адсоткі жыхароў назвалі менавіта беларускую мову сваёй роднаю. Гэтая лічба сталася для актывістаў беларушчыны моцным стымулам у дзейнасьці, а таксама бясспрэчным аргумэнтам у размовах у ворганах улады.

Як зазначыў у сваім выступе старшыня ТБМ Алег Трусаў, перапіс выбіў з вуснаў чыноўнікаў тэзыс пра тое, што нібыта сам народ ня хоча сваёй мовы. Рэфэрэндум быў праведзены незаконна, у парушэньне Канстытуцыі Беларусі, ягоныя сапраўдныя вынікі сфальшаваныя.

Больш таго, як зазначылі сябры рады, маючы ў сваім распараджэньні дакумэнты, травеньскі рэфэрэндум 1995 году праводзіўся пры актыўнай падтрымцы расейскіх спэцслужбаў. Гэты факт прызнаў адзін з актыўных стваральнікаў хаўруснае расейска-беларускае дзяржавы Мікалай Ганчар у інтэрвію часопісу "Земляки".

Таму ў прынятым з нагоды 5-гадовае даты травеньскага рэфэрэндуму звароце рады ТБМ да беларускае грамадзкасьці гэты момант асабліва падкрэсьлены. ТБМ зьвяртаецца з заклікам арганізаваць 13 й 14 траўня па ўсёй Беларусі пікеты й мітынгі з патрабаваньнем надаць беларускай мове рэальны статус дзяржаўнае ды вярнуць беларускаму народу яго спрадвечныя сымбалі.

У адмыслова прынятай пастанове рада ўхваліла праекты статуту ды канцэпцыі стварэньня беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту, якія распрацавала ініцыятыўная група на чале з акадэмікам Радзімам Гарэцкім.

Гэтай жа пастановаю рада забавязала групу перадаць да 1 чэрвеня ўсе сабраныя ў падтрымку ўнівэрсытэту подпісы ў Міністэрства адукацыі і адміністрацыю Лушэнкі, і дамагацца ад гэтых структураў адкрыцьця ўнівэрсытэту не пазьней за 1 верасьня 2001 году.

Дарэчы, выкладаць у ім ужо выказалі жаданьне больш за 60 выкладчыкаў, а гарадзенскае грамадзкае аб'яднаньне "Ратуша" забавязалася надрукаваць для яго 20 падручнікаў. Мець філіі беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту выказалі гатоўнасьць гарады Ліда, Пінск ды Ворша.

Але пакуль справа дойдзе да ўнівэрсытэту, з траўня ў сядзібе ТБМ распачынаюцца курсы беларускае мовы. Заняткі ладзяцца асобна для тых, хто хоча ўдасканаліць веданьне роднае мовы, і для тых, хто толькі пачынае яе вывучаць. Навучаньне бясплатна ды па ўласнай мэтодыцы праводзяць лепшыя выкладчыкі лінгвістычнага ўнівэрсытэту ды іншых ВНУ Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG