Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 красавіка 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

У Берасьці парафіяне мясцовай рыма-каталіцкай парафіі працягваюць дзяжурствы ў касьцёле, каб не дапусьціць дэпартацыі ксяндза Зьбігнева Кароляка.

12 красавіка ў польскім пашпарце пробашча берасьцейскае парафіі Ўзьнясеньня Крыжа Зьбігнева Кароляка зьявіўся запіс, паводле якога ён быў абавязаны пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь да 22 гадзіны 14 красавіка. Мінулае пятніцы пад час вечаровай службы ксёндз абвесьціў парафіянам, што выканане гэтае патрабаваньне ў тым выпадку, калі на тое будзе воля кардынала Казіміра Сьвёнтака, але пакуль ён такіх прапановаў ад кіраўніка Каталіцкай Царквы ў Беларусі не атрымаў.

Ужо пасьля той вечаровай службы вернікі вырашылі не разыходзіцца і застацца ў храме, каб прадухіліць магчымую дэпартацыю Кароляка з тэрыторыі Беларусі. Гэтая бесперапынная акцыя, калі людзі прыходзяць у касьцёл на зьмену адно аднаму, працыягваецца і зараз.
Асаблівую рашучасьць праяўляюць вернікі сталага ўзросту, якія добра памятаюць, як адбываліся дэпартацыі сьвятароў у сталінскія часы. Акрамя таго, берасьцейскія вернікі ўпэўненыя, што прыняцьце 13 красавіка беларускім урадам зьменаў у Палажэньні аб парадку запрашэньня ў Беларусь іншаземных сьвятароў і іхняй дзейнасьці на тэрыторыі краіны, у першую чаргу скіраванае супраць асобы Зьбігнева Кароляка.

Паводле гэтых зьменаў, сьвятарам можа быць скарочаны тэрмін перабываньня на тэрыторыі Беларусі альбо ўвогуле адмоўлена ў рэгістрацыі ці выдачы дазволу на часовы побыт у краіне. Бадай што самым цікавым у згаданым дакумэнце зьяўялецца тое, што (цытата) "рашэньне афармляецца адпаведнымі ворганамі ўнутраных справаў на падставе ўласнай ініцыятэвы або па прадстаўленьні Савету ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў аблвыканкаму, а таксама кампэтэнтных дзяржаўных ворганаў кіраваньня"(канец цытаты).

Зьдзіўляе апэратыўнасьць, зь якой праваахоўчыя ворганы Берасьця пачалі прымяняць згаданую норму ў справе Кароляка, нават не дачакаўшыся, пакуль аб зьменах ва ўрадавым дакумэнце паведамяць сродкі масавай інфармацыі.

Радыё Свабода ўжо паведамляла, што кіраўніцтва Каталіцкай царквы ў Беларусі таксама робіць захады, каб разьвязаць канфлікт вакол сьвятара берасьцейскае парафіі. Сёньня ў аблвыканкам накіраваны ўжо трэці за апошні час ліст ад кардынала Казіміра Сьвёнтака, у якім ён выказвае пажаданьне сустрэцца са старшынём аблвыканкаму Васілём Даўгалёвым у любы зручны для яго час. Цікава, што людзі, якія перадалі ў канцылярыю аблвыканкаму гэты зварот, заўважылі, што да Даўгалёва ня трапіў і папярэдні ліст, які пазначаны 10-м красавіка. Сакратарка запэўніла, што перадасьць Даўгалёву абодва лісты.

Але спадзявацца на тое, што такая сустрэча адбудзецца ў хуткім часе, пакуль не выпадае, бо, напрыклад, былы старшыня берасьцейскага аблвыканкаму Ўладзімер Заламай ня здолеў прыняць кардынала Сьвёнтака ў працягу чатырох апошніх гадоў.

XS
SM
MD
LG