Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 красавіка 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

(эфір 16 красавіка)
Сёньня Менск з рабочым візытам наведаў абраны прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Пуцін ня стаў парушаць традыцыю апошніх гадоў, паводле якой усе вышэйшыя кіраўнікі Расеі першую замежную паездку робяць у Менск.

Усяго абраны прэзыдэнт Расеі знаходзіўся на беларускай зямлі каля 6 гадзінаў. Самалёт з расейскай дэлегацыяй прызямліўся ў аэрапорце «Менск-2» прыблізна а другой гадзіне. Пуціна сустракалі прэм'ер-міністар Беларусі Ўладзімер Ярмошын, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Міхал Мясьніковіч, міністар замежных справаў Урал Латыпаў ды іншыя. Госьцю паднесьлі хлебны каравай, які быў прыгатаваны паводле адмысловага рэцэпту на замову адміністрацыі кіраўніка Беларусі.

Адразу з аэрапорту Пуцін скіраваўся на пляц Перамогі, куды прыйшло каля дзьвюхсот чалавек паглядзець на расейскага госьця. Нямала сярод іх было супрацоўнікоў праваахоўных ворганаў у цывільным, якія вылучаліся сваімі напружанымі тварамі. Усклаўшы кветкі да абяліску, Пуцін падыйшоў да тых, хто сабраўся на пляцы, і некалькі хвілінаў пагаварыў зь імі.

У гэты ж момант адбыўся невялікі інцыдэнт. Два карэспандэнты гумарыстычнае газэты «Навінкі» Юры Сьцефанішын і Алег Казарын выскачылі на праезную частку пляцу Перамогі й некалькі разоў пасьпелі пракрычаць антыпуцінскія лёзунгі на ангельскай мове – "Пуцін "Get out of our country" "We don't need you". У перакладзе гэта азначае – "Пуцін, убірайся з нашай краіны, ты нам не патрэбны".

Вядома, Сьцефанішын і Казарын адразу ж былі затрыманыя і дастаўленыя ў бліжэйшы аддзел міліцыі па вуліцы Кісялёва. Там іх пратрымалі каля гадзіны й нават ня склаўшы пратаколу, выпусьцілі.

Тым часам Уладзімір Пуцін зь пляцу Перамогі скіраваўся ў дзяржаўную рэзыдэнцыю «Заслаўе», дзе адбыліся ягоныя перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Спачатку кіраўнікі дзяржаваў сустрэліся сам-на-сам, а потым да іх далучыліся сябры дэлегацыі.

На кароткай выніковай прэсавай канфэрэнцыі Ўладзімер Пуцін паведаміў, што пад час перамоваў былі дасягнутыя пэўныя дамоўленасьці ў эканамічнай і ваенна-тэхнічнай сфэры. Якія гэта дамоўленасьці, абодва кіраўнікі дзяржаваў удакладняць не пажадалі.

Пад час візыту генэральны сакратар хаўрусу Беларусі й Расеі Павал Барадзін заявіў журналістам, што прэзыдэнты мусяць разьвязаць вельмі шмат праблемаў, галоўныя зь якіх – увод адзінае валюты, эмісійнага цэнтру, падаткавае базы й мытнага заканадаўства. Але Лукашэнка й Пуцін анічога канкрэтнага пра гэтыя пытаньні журналістам не паведамілі.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, каб праціўнікі інтэграцыі не спадзяваліся, што паміж Беларусьсю й Расеяй "затухнуць і аслабнуць кантакты й дачыненьні".

Пуцін у сваю чаргу падкрэсьліў, што ў васнове далейшага разьвіцьця дачыненьняў дзьвюх дзяржаваў павінна ляжаць "рашэньне эканамічных праблемаў".

XS
SM
MD
LG