Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 красавіка 2000 г.


Кастусь Банадрук

Амэрыканская газэта "Wall Street Journal" зьмясьціла артыкул на тэму магчымых вынікаў учарашняга візыту новаабранага расейскага прэзыдэнта ў Менск. Паводле газэты, Пуцін падтрымаў ідэю беларуска-расейскага саюзу, але само стварэньне саюзнай дзяржавы – неадназначная задума.

Гледзячы з пэрспэктывы Захаду, – адзначае "Wall Street Journal", – нядзельныя перамовы Пуціна ў Менску могуць паўплываць на пачатак рэформаў у гэтай забытай краіне.

"Уся надзея на макраэканамічныя рэформы ў Беларусі, на ціск з боку Расеі", – заявіў прадстаўнік Міжнароднага Валютнага Фонду ў пытаньнях Беларусі Марк Гортан. – Менск ня слухае ні нас, ні Ўсясьветнага Банку, але ён будзе слухаць Расею".

З часу, калі ў 96-м годзе Лукашэнка узяў на сябе поўны кантроль над дзяржавай, Беларусь папсавала адносіны і з міжнароднымі фінансавымі ўстановамі, і з заходнімі ўрадамі, якія не прызналі лукашэнкаўскага рэфэрэндуму. Беларусь зьяўляецца адзінай краінай у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, якая адкінула падтрымку з боку МВФ. Усясьветны Банк абмежаваўся фінансаваньнем дробных грамадзкіх праектаў, а Эўрапейскі Банк Рэканструкцыі і Разьвіцьця ужо два гады не выдзяляе Беларусі ніводнага крэдыту. Заміж рэформаў Лукашэнка робіць стаўку на гэтак званы "рынкавы сацыялізм". Ён амаль не крануў зь месца прыватызацыю і пакінуў сельскую гаспадарку ды прамысловасьць амаль цалкам у руках дзяржавы.

Саюзная дамова, – адзначае газэта "Wall Street Journal," – стратэгічны крок і для Беларусі, і для Расеі, але заклік Лукашэнкі да ўвядзеньня адзінай валюты ўздымае пытаньне несумяшчальнасьці эканомікаў дзьвюх краінаў.

"Беларусь умее толькі друкаваць пустыя грошы", – заявіў эканаміст Кэн Чэрман, які ад імя Эўразьвязу сочыць за беларускай эканомікай ў рамках праграмы "Тасіс". Амэрыканская газэта адзначае, што пасьля валютнага крызісу ў Расеі у 98-м годзе, рэкамэндаваная МВФ жорсткая эканамічная палітыка дапамагла летась зьнізіць інфляцыю да 16-ці адсоткаў у год. Затое ў Беларусі летась інфляцыя пераваліла за 250 адсоткаў, прымушаючы ўрад упершыню выпусьціць мільённыя і пяцімільённыя купюры. "Эканамічны досьвед паказвае, што бясконца такога нельга рабіць, але Беларусь прадэманстравала выдатную здольнасьць выкручвацца", – кажа Кэн Чэрмэн.

Беларусь настойвае на сумесным кантролі за валютнай палітыкай саюзнай дзяржавы, аднак у мінулы чацьвер эканамічны дараднік Пуціна Анрэй Іларыёнаў завіў, што Расея не дапусьціць эмісіі пустых грошай.

Хаця ў сваёй гадавой прамове перад "Нацыянальным Сходам" Лукашэнка чарговы раз выказаўся ў падтрымку калгасаў і дзяржаўнай прамысловасьці, расейскі ціск на Беларусь ужо адчуваецца ў чыноўніцкіх колах. "У сэнсе рынкавых рэформаў мы далёка ззаду за Расеяй", – лічыць прадстаўнік Міністэрства Зьнешніх Эканамічных сувязяў Яўген Багамазаў, які зь невялікім посьпехам спрабуе прыцягнуць у краіну замежныя інвэстыцыі. "Саюз з Расеяй будзе мець вялікі ўплыў на рэструктурызацыю палітыкі Менску", – дадаў ён.

Затое беларуская апазацыя, у тым ліку былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч лічыць, – адзначае "Wall Street Journal" – што Расея любым коштам будзе трымаць Беларусь у сваіх абдымках. На жаль людзей, якія ня хочуць саюзу з Расеяй, мала. Затое як гэта ня дзіўна, за саюз і Лукашэнку выказваюцца тыя, хто найбольш пацярпелі ў выніку рэформаў у расейскім вырыянце: пэнсіянэры, калгасьнікі і бюджэтнікі.

"Гэта людзі, якія сьпяць і мараць пра саюз з Расеяй, але яны ня хочуць аб'ядноўвацца з дэмакратычнай Расеяй", – лічыць дырэктар Незалежнага Інстытуту Сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў у Менску Алег Манаеў. Ён адзначае тую акалічнасьць, што летась 70 адсоткаў прыхільнікаў саюзу з Расеяй адначасова выказваліся за аднаўленьне Савецкага Саюзу. "Для іх саюз з Расеяй, гэта вяртаньне ў СССР", – дадаў Манаеў.

Аглядальнікі згодныя, – піша "Wall Street Journal", – што палітыка Беларусі будзе залежаць ад яшчэ няяснай палітыкі Пуціна. "Вельмі важна, ці Расея будзе далей карміць Лукашэнку", – адзначыў адзін з заходніх дыпляматаў і дадаў, што на ягоную думку "Масква ня будзе мець ніякага станоўчага ўплыву на Менск, да часу, пакуль Расея валодае Беларусьсю".

Між тым лёнданская газэта "Time" таксама надрукавала артыкул пра візыт Пуціна ў Менск. "Time" адзначае, што па дарозе ў Лёндан, новаабраны расейскі прэзыдэнт падтрымаў саюз з Беларусьсю. Цёпла вітаючыся з Лукашэнкам, Пуцін адначасова паслаў у сьвет выразны сыгнал, што ён рыхтуецца да супрацоўніцтва з аўтарытарным і антызаходнім лідэрам, абвінавачваным у перасьледзе апазыцыі. Лёнданская газэта нагадвае, што Лукашэнка, былы дырэктар саўгасу, зьяўляецца ня толькі дыктатарам, але ўпартым і эксцэнтрычным чалавекам. Ён пахвальна выказаўся пра ўклад Гітлера ў разьвіцьцё Нямеччыны. Нядаўна беларускі кіраўнік таксама дазволіў многім жыхарам Беларусі вярнуцца на тэрыторыі, забруджаныя ў выніку чарнобыльскае катастрофы. На думку лёнданскай "Time", Пуцін прыбыў у Менск – важны для Расеі, як буфер паміж ёю і НАТО – каб нагадаць Лукашэнку, што ён зьяўляецца падначаленым і, адначасова, атрымаць запэўніваньні ў ягонай ляяльнасьці.

XS
SM
MD
LG