Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 красавіка 2000 г.


Мікола Іваноў

Лёнданская "Sunday Telegraph" надрукавала чарговую сэнсацыйную інфармацыю пра Беларусь. Зусім нядаўна спэцыяльнае дасьледаваньне групы аналітыкаў ААН выявіла, што беларускія ўлады, магчыма, ўдзельнічалі ў парушэньні санкцыяў ААН супраць ангольскай сэраратысцкай групоўкі УНІТА. І вось новы скандал. Афіцыйная беларуская дэлегацыя падпісала насуперак санкцыям ААН дагавор аб пастаўках зброі ў Ірак.

Інфармацыя пра гэта зыходзіць ад ангельскай газэты "Sunday Telegraph". Як яна паведаміла, пагадненьне ў гэтай справе было падпісанае ў лютым сёлета пад час візыту ў Багдад дэлегацыі дзяржаўнай беларускай кампаніі "Белтэхэкспарт". Паводле падпісанага кантракту на суму прыблізна 90 млн. даляраў, беларускі бок заабавязаўся правесьці грунтоўную мадэрнізацыю ўсей іракскай супрацьпаветранай сыстэмы, паставіць іракскім узброеным сілам новыя супрацьракетныя сыстэмы, а таксама правядзе падрыхтоўку іракскіх вайскоўцаў дзеля абслугоўваньня яе.

Як піша "Sunday Telegraph", калі гэты кантракт будзе рэалізаваны, Беларусь выразна парушыць санкцыі ААН, а іракскія ўзброеныя сілы атрымаюць магчымасць зьбіваць амэрыканскія і брытанскія ваенныя самалеты, якія, згодна з рэзалюцыяй Рады Бяспекі, патрулююць паветраную прастору Іраку.

Як лічыць брытанская "Sunday Telegraph", за ірацка-беларускім кантрактам у справе паставак зброі выразна стаіць Расея. Менавіта расейскія прадстаўнікі арганізавалі ў ліпені 1999 году сустрэчу паміж віцэ-прэм'ерам Іраку Тарыкам Азізам і тагачасным прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Лінгам. Расейцы, яшчэ ў той час, калі прэм'ерам краіны быў Яўген Прымакоў, падпісалі з Іракам уласны кантракт на суму каля 100 млн. даляраў у справе мадэрнізацыі іракскай супрацьпаветранай абароны, але пасьля таго, як інфармацыя пра гэта прасачылася ў сродкі масавай інфармацыі, і Расея была востра скрытыкаваная міжнароднай супольнасьцю, было вырашана разыграць беларускую карту.

Паводле інфармацыі брытанскай газэты "Sunday Telegraph", крамлёўскае кіраўніцтва дзеля таго, каб не выклікаць варожую рэакцыю Захаду, вырашыла усе ваенныя кантакты з Іракам ажыцьцяўляць праз Беларусь. У Маскве ў атмасфэру сакрэтнасьці прайшлі перамовы высокапастаўленых дэлегацыяў Беларусі і Іраку, на якіх былі выпрацаваныя дэталі будучага пагадненьня.

Гэтыя дэталі прадугледжваюць мадэрнізацыю беларускімі спэцыялістамі іракскіх батарэяў супрацьпаветраных ракетаў СА-3 дзеля таго, каб павялічыць радыюс іх дзеяньня з 20 да 30 км. Іракская супрацьпаветраная артылерыя таксама будзе мадэрнізаваная, а іракскія ваенныя спэцыялісты пройдуць курс перападрыхтоўкі ў Беларусі, дзе іх пазнаёмяць з навейшымі дасягненьнямі расейскай вайсковай электронікі.

Беларускі бок таксама згадзіўся ажыцьцявіць на баранавіцкім авіярамонтным заводзе мадэрнізацыю 17 баявых самалётаў, якія належаць Іраку, але знаходзяцца ў Бларусі яшчэ з канца 80 гадоў. Беларускі бок згадзіўся правесьці іх мадэрнізацыю толькі пасьля таго, як Ірак заплаціў каля 10 млн. даляраў за гэтыя працы.

Як бачым, калі інфармацыя "Sunday Telegraph" адпавядае сапраўднасьці, гаворка ідзе пра шырокамаштабнае супрацоўніцтва паміж Іракам і Беларусьсю ў ваеннай галіне. Няўжо беларускія ўлады ня разумеюць, што падобныя кантакты вельмі цяжка будзе захаваць у таямніцы? І што, калі яны выявяцца, санкцыі могуць пагражаць ужо Беларусі? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да супрацоўніка іракскай рэдакцыі нашага Радыё Камрана аль Карадахі. Вось, што ён мне адказаў:

(Карадахі: ) "Яны спадзяюцца, што ніхто пра гэта не даведаецца, альбо нават, калі нехта даведаецца, ён будзе ня ў стане даказаць гэты факт. Яны хочуць захаваць ў таямніцы і той кантракт, пра які мы сёньня гаворым. Але ці гэта ў іх атрымаецца? Пакуль што яны толькі разьлічваюць на гэта".

(Іваноў: ) "Спадар Аль Карадахі, а ці ў Вас няма інфармацыі, адкуь атрымала газэта "Sunday Telegraph" гэтыя сэсацыйныя весткі?"

(Карадахі: ) "Я дакладна ня ведаю, але я магу падазраваць, што інфармацыя ідзе ад адной з заходніх краінаў. Магчыма ад Вялікай Брытаніі".

Сёньня Ірак – краіна бедная. Кожны дзень у сувязі з нястачай прадуктаў харчаваньня, лекаў і ўсяго самага неабходнага там паміраюць людзі, перш за ўсе дзеці. Адкуль жа Садам Гусэйн бярэ грошы на мадэрнізацыю сваей ваеннай машыны? Камран аль Карадахі, палітычны камэнтатар Іракскай Рэдакцыі нашага Радые адказвае:

(Карадахі: ) "Ірак мае сродкі. Пра гэта гаворыцца ў апошнім спэцыяльным дакладзе на гэтую тэму. Там гаворыцца, што іракскі рэжым атрымлівае шмат грошаў ад незаконнага гандлю нафтай. Іракскі рэжым вельмі мала клапоціцца пра лёс іракскага народу. Сеньня, напрыклад, ён рыхтуецца да ўрачыстага сьвяткаваньня чарговага дня нараджэньня Садама Гусэйна. Запрошаныя ў Багдад тысячы гасьцей з розных арабскіх краінаў, каб прыняць удзел у гэтых гучных урачыстасьцях. Есьць інфармацыя, што на сьвяткаваньне будзе выдаткавана каля 20 млн. даляраў. Так што ў Ірака ёсьць сродкі на тое, каб плаціць за кантракт з Беларусьсю".

З інфармацыі "Sunday Telegraph" вынікае, што перамовы з беларускімі прадстаўнікамі правёў Нуры аль Вайіс, другі сакратар іракскага міністэрства замежных справаў. Аль Вайіс зьяўляецца блізкім супрацоўнікам малодшага сына Садама Гусэйна Кусая, які адказны за адбудову іракскай ваеннай машыны.

Цяпер у Радзе Бясьпекі ААН ідзе абмеркаваньне працягу эканамічных і іншых санкцыяў супраць Іраку. Некаторыя краіны, у першую чаргу Расея, выступаюць за іх скасаваньне. Але, як бачым, Расея вядзе ў Іраку падвойную гульню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG