Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 2000 г.


Вольга Караткевіч

У сёньняшняй газэце "International Herald Tribune" старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы лорд Джон Рассэл-Джонстан апублікаваў артыкул "Правы чалавека для Чачэнцаў. Таксама". "Новы сыгнал у пытаньні Чачні" – так называецца артыкул аглядальніка газэты "The Washington Post" Дэніэла Уільямза, надрукаваны ў "International Herald Tribune".

Уільямз заўважае, што міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў актыўна шукае палітычнага разьвязаньня ваеннага канфлікту ў Чачні.

У артыкуле "Правы чалавека для чачэнцаў. Таксама" старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы лорд Дэвід Рассэл-Джонстан піша: "Правы чалавека - гэта ня нешта абстрактнае. Парушэньні правоў чалавека - яшчэ менш абстрактнае зьявішча. У Чачні ад пачатку канфлікту цывільнае насельніцтва пакутавала ад несумернага і неабгрунтаванага выкарыстаньня сілы расейскімі вайскоўцамі. Грозны, горад памерам з Эдынбург, разбураны дашчэнту. Ёсьць сьведчаньні пра катаваньні, гвалт і забойствы.

Відавочна, чачэнскія байцы самі нясуць адказнасьць за шматлікія, часам самыя брутальныя парушэньні правоў чалавека. Адсутнасьць любога асуджэньня гэтых дзеяньняў і эфэктыўных захадаў пазьбегчы іх у будучыні, выклікаюць сур'ёзныя сумненьні, ці здатнае чачэнскае кіраўніцтва быць сур'ёзным партнэрам у пошуку палітычнага рашэньня.

На мінулым тыдні я напісаў Аслану Масхадаву ліст, – гаворыць старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы лорд Рассэл-Джонстан, – з папярэджаньнем адносна гэтага… Але ад Расеі, цывілізаванай эўрапейскай дзяржавы, члена Рады Эўропы, патрабуецца жорсткае выкананьне больш высокіх стандартаў.
Самыя жорсткія захады супраць праціўніка, ня могуць служыць апраўданьнем, што яны выкарыстоўваліся для спыненьня такіх самых брутальных захадаў, – піша старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Пра пастанову ПА РЭ прыпыніць права голасу Расеі, Рассэл-Джонстан зазначыў: Парлямэнцкая Асамблея мае невялікую сілу словаў, але гэта словы, прамоўленыя ўрадамі 800 мільёнаў эўрапейцаў. Рада Эўропы была заснаваная, каб паважаліся правы чалавека, дэмакратыі і закон. Гэта мандат, які дае вельмі маленькую прастору для рэальнай палітыкі. Калі ж нашыя стандарты не паважаюцца, у нас не застаецца выбару. Толькі дзейнічаць".

Сёньня ж газэта "International Herald Tribune" зьмясьціла артыкул аналітыка з газэты "Washington Post" Дэніэля Ўільямза "Новая рыторыка ў чачэнскім пытаньні". Газэта цытуе міністра замежных справаў Расеі Ігара Іванова. "Расея заўсёды выступала за палітычнае рашэньне ў пытаньні Чачні, была адкрытая да дыялёгу", - заявіў Іваноў. Аднак Іваноў не ўдакладніў, зь кім канкрэтна будуць весьціся перамовы.

Зьмены ў танальнасьці адносна Чачні пачаліся зь мінулага тыдня, калі 41 сябра Рады Эўропы ініцыявалі працэдуру выключэньня Расеі, - піша Дэніэл Уільямз. Новая рыторыка таксама зьвязаная зь першым візытам прэзыдэнта Пуціна на Захад, заплянаваным на наступны тыдзень. Пуцін едзе ў Лёндан. Пагаварыць з Тоні Блэйерам і сустрэцца з каралевай Елізаветай Другой. Супадзеньне гэтых падзеяў у часе прымушае расейцаў думаць, што Крэмль заняты толькі public relations - самарэклямай.

"Эўропа цісьне на Пуціна, і яму трэба пачынаць манэўры. Цяжка сказаць, што гэтыя словы будуць азначаць у практыцы", - сказаў Владзімір Лысенка, незалежных дэпутат расейскага.

Іншыя назіральнікі гавораць, што вялікія страты ў Чачні, дзе чачэнскія апалчэнцы вядуць жорсткую партызанскую вайну, могуць падарваць давер да расейскага кіраўніцтва. "International Herald Tribune" цытуе расейскую газэту "Камсамольская праўда": "З надыходам вясны адкрываюцца перавалы ў гарах Чачні, партызаны хаваюцца ў лясох. Вайна можа разгарэцца з новай сілай, што прывядзе да цяжкіх стратаў".

Дэніэл Ўільямз заўважае, што ўжо толькі адна праява гнуткасьці можа стаць небясьпечнай для расейскага кіраўніцтва: разьмешчаныя ў Чачні войскі ўдалося пераканаць, што Расея будзе ваяваць да поўнага зьнішчэньня чачэнскага супраціву. Генэралы рэгулярна папярэджваюць Маскву, што ў выпадку пачатку перамоваў, афіцэры могуць узбунтавацца.

За апошнія шэсць месяцаў Расея адмаўляла заходнюю крытыку і сьцьвярджала, што гэта ўмяшаньне ў яе ўнутраныя справы. Два дні назад памочнік прэзыдэнта Пуціна Сяргей Ястржэмбскі паведаміў, што сябрам Рады Эўропы будзе забаронена наведваць Чачню. Цяпер Пуцін заявіў, што сябрам Рады Эўропы будзе дазволена працаваць з афіцыйнымі расейскімі праваабарончымі арганізацыямі. У Чачні заплянавае адкрыцьцё прадстаўніцтва АБСЭ.

Дарэчы, старшыня Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе Бэніта Фэррэра-Вальднэр, якая цяпер знаходзіцца зь візытам у Чачні, сёньня ськіроўваецца ў Грозны. Спадарыня Фэррэра-Вальднэр плянуе наведаць лягер для ўцекачоў у Знаменскім, шпіталь у Аргуне, а пасьля Інгушэтыю. Учора ў Маскве старшыня АБСЭ абмеркавала парушэньні правоў чалавека ў Чачні з прэзыдэнтам Расеі Владзімірам Пуціным і міністрам замежных справаў Ігарам Івановым.

Сёньняшняя газэта "The Times" надрукавала артыкул "Заходнія шпіёны падводзяць Расею". Паводле газэты, высокапастаўлены прадстаўнік расейскіх спэцслужбаў заявіў учора пра тое, што Вялікая Брытанія можа без асаблівых намаганьняў перакрыць каналы дапамогі чачэнскім паўстанцам з улікам таго, што ў Брытаніі – найлепшая шпіёнская сетка на Блізкім Усходзе. Прычынай такіх заяваў стала незадаволенасьць Расеі з прычыны выкрытых сувязяў паміж Захадам і Чачнёй.

Аднак гэтыя сувязі, на думку Тоні Блэйера, які, як піша "The Times", займаецца разьвіцьцём "стратэгічнага партнэрства" з Расеяй, ёсьць вынікам далікатнай сытуацыі: бальшыня міжнароднай дапамогі чачэнскім байцам каардынавалася зь Лёндану празь Інтэрнэт. паведамляе, што за апошнія тры гады 200 грамадзянаў Вялікай Брытаніі папоўнілі шэрагі чачэнскіх байцоў. Дабраахвотнікаў набіраюць ісламісцкія арганізацыі ў мячэцях.

У самой Чачні фэдэральныя службы праводзяць апэрацыі затрыманьня тых, хто ваюе на чачэнскім баку. У прыватнасьці, арыштаваны і дастаўлены ў Маскву старшыня адміністрацыі Аслана Масхадава, брыгадны генэрал Апці Баталаў. Баталаў быў затрыманы пад час апэрацыі, праведзенай у Шалінскім раёне Чачэнскай рэспублікі. Супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі затрымалі жыхара ўкраінскага гораду Палтава Міхаіла Сарочанку, які ваяваў на чачэнскім баку ў аддзеле камандзіра Доку Ўмарава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG