Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 2000 г.


Гэтымі днямі ў камісіі амэрыканскага сэнату ў міжнародных справах са спэцыяльным дакладам на тэму амэрыкана-расейскіх адносінаў выступіў вядучы аналітык "Асацыяцыі Карнэгі дзеля міру" Томас Грэхэм. Знаёмім чытачоў з тэкстам ягонага выступу.

Нягледзячы на тое, што на працягу апошніх некалькіх тыдняў у нашых адносінах з Расеяй назіраецца адпаведная адліга, - піша ў сваім дакладзе Томас Грэхэм, - але з упэўненасьцю можна сьцьвердзіць, што яны знаходзяцца на самым нізкім узроўні ад распаду Савецкага Саюзу. На працягу мінулага году расейскія афіцыйныя асобы неаднойчы карысталіся рыторыкай, якая прыпамінае халодную вайну. Галоўныя расейскія сродкі масавай інфармацыі ставяцца да Амэрыкі ўсе з большым падазрэньнем. Праведзенае Дзяржаўным дэпартамэнтам апытаньне грамадзкай думкі паказвае, што адсотка прыхільнага стаўленьня да Амэрыкі сярод расейцаў зьнізілася з 70% у 1993 годзе да 47% на пачатку сёлетняга году.

Між тым, у саміх жа Злучаных Штатах на зьмену ўяўленьням пра Расею як пра пэрспэктыўную дэмакратыю прыходзіць яе вобраз загубленай краіны, якую разьядае карупцыя, і дзе пануе арганізаваная злачыннасьць. Амэрыканскі палітычны істэблішмэнт, - сьцьвярджае ў дакладзе перад сэнацкай камісіяй ў міжнародных справах Томас Грэхэм, - захварэў хваробай, якую можна назваць "стомленасьць ад Расеі". Усё большая і большая колькасьць амэрыканцаў верыць, што Расея папросту ўжо не адыгрывае такую важную ролю ў сьвеце, і Амэрыка можа бараніць свае інтарэсы, не зьвяртаючы ўвагі на яе. Няшмат амэрыканцаў хацелі б далейшага пагаршэньня адносінаў з Расеяй, але таксама няшмат гатовыя прысьвяціць свой час, энэргію і грошы дзеля станаўленьня добрых адносінаў з Расеяй.

Тры падзеі мінулага году спрычыніліся да гэтага пагаршэньня адносінаў: расейскі фінанасавы крах у жніўні 1998 году, косаўскі канфлікт і Чачня.

Фінансавы крах сымбалізаваў сабой правал вялізнага праекту хутка пабудаваць у Расеі спраўную дэмакратыю і эфэктыўную рынкавую эканоміку, якія б былі падобныя на заходнія варыянты. Для бальшыні расейцаў, - сьцьвярджае Томас Грэхэм, - гэта было пацьверджаньне падазрэньняў, што Захад зусім не імкнецца дапамагчы іх краіне ў перабудове, а толькі шукае магчымасьцяў ператварыць яе ў другарадную краіну. На захадзе, а асабліва ў ЗША, мы пачалі падзяляць яшчэ больш злавесны погляд на Расею. Бальшыня амэрыканцаў схільныя разглядаць працэсы станаўленьня дэмакратыі і рынкавай эканомікі як нешта натуральнае, і таму яны ставяцца да праблемаў Расеі ў гэтай галіне, як да нейкай маральнай недасканаласьці расейскага нацыянальнага характару.

На думку Томаса Грэхэма, Косаўскі канфлікт, які здарыўся ў той час, калі НАТА зацьвярджала новую стратэгічную дактрыну і прыймала ў свой склад новых сябраў, пацьвердзіў найгоршыя засьцярогі Расеі ў адносінах да Паўночна-Атлянтычнага саюзу. Больш таго, косаўскі канфлікт прадэманстраваў, як моцна быў падарваны міжнародны аўтарытэт Расеі на працягу 90-х гадоў, і якую малую вагу яе голас меў у міжнародных адносінах, нават у Эўропе – рэгіёне найважнейшых расейскіх жыцьцёвых інтарэсаў. У той час, як шмат хто на Захадзе сьпяваў дыфірамбы прэзыдэнту Ельцыну за ягоную ролю ў заканчэньні косаўскага канфлікту на варунках НАТА, значная частка расейскай палітычнай эліты ўспрыняла гэта як сымбаль слабасьці Расеі.

Некаторыя нават успрынялі гэта як здраду расейскіх нацыянальных інтарэсаў. Адначасна, калі бальшыня амэрыканцаў разглядала "марш на Прышціну" расейскіх дэсантнікаў як дрэнна схаваны акт адчаю, бальшыня расейцаў з радасьцю ўспрыняла гэта як дэманстрацыю расейскага жаданьня і магчымасьцяў праводзіць ваенныя апэрацыі нават насуперак пазыцыі НАТА.

Мікола Іваноў

(Працяг чытайце ў наступных выпусках)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG