Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 15 красавіка)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Веснавыя палявыя работы на калгасных ды саўгасных палетках Беларусі пасьля пацяпленьня ў сярэдзіне гэтага тыдня набіралі тэмпы. Але праходзяць яны сёлета на фоне няспраўджаных спадзеваў.

Усю зіму ў гаспадарках і ў ніжэйшых аддзелах вэртыкальнае ўлады чакалі, што вось-вось у аграрным сэктары пачнуцца нейкія важныя зьмены й нават рэформы. Але гэтыя чаканьні былі ахалоджаны як на аграрнай нарадзе, праведзенай Аляксандрам Лукашэнкам, гэтак і на ягонай штогадовай прамовай перад "Нацыянальным сходам".

Было пагрозліва заяўлена, што аніякіх арганізацыйных, тым болей прыватызацыйных зьменаў у аграрным сэктары ня будзе. А яны ж даўно насьпелі. Таму – нанесены моцны ўдар па настрою людзей.

Тым болей, што падрыхтаваліся да веснавой сяўбы сёлета горш, чым летась. Колькасьць тэхнікі зьменшылася на траціну. Назапашана паліва напалову менш за летась. Мінэральных угнаеньняў ёсьць толькі 67 адсоткаў ад патрэбнага, сродкаў барацьбы са шкоднікамі – яшчэ меней: 60 адсоткаў, а ў Магілёўскай вобласьці навогул – толькі 26 адсоткаў. Паўсюль бракуе паліва.

З такімі паказьнікамі Беларусь яшчэ ніколі не пачынала веснавую сяўбу.

На што ж спадзяюцца ва ўрадзе? Можа на дзейнасьць штабу ў правядзеньні веснавое сяўбы, які ўзначальвае намесьнік кіраўніка ўраду Аляксандар Папкоў? Ен заявіў, што з ураджаем ды кармамі Рэспубліку выратуе сёлета тое, што збожжавы клін будзе пашыраны да 54–56 адсоткаў пасеўнай плошчы, а плошча кукурузнага палетку будзе павялічаная болей як ў два разы й дасягне 400 тысячаў гэктараў.

Але надзеі тут малыя, бо давядзёцца сеяць па няўгноенай глебе й ня ў лепшыя тэрміны. А што датычна надзеі на кукурузу, то гэтая культура патрабуе добра ўгноенае глебы, а таксама цяпла, якога не хапае для гэтае культуры.

Як жа будзе пераадолены недахоп трактарнага парку, які зношаны на 70 адсоткаў? У кожным раёне, – тлумачыць Аляксандар Папкоў, – ужо створаныя мэханізаваныя аддзелы. Па – першае, гэта пачатак аднаўленьня даўно зжыўшых сябе МТС. А, па–другое, гэта ёсьць кропля ў моры, калі ўлічыць патрэбы гаспадарак у тэхніцы.

Выклікае трывогу, што, праваліўшы плян нарыхтоўкі паліва (з-за аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынаў), урад сьпіхнуў зараз гэты клопат на абласныя выканаўчыя камітэты. Ім даручана шукаць грошы на набыцьцё паліва й дастаўку яго ў гаспадаркі. Па ўсім бачна, што забесьпячэньне калгасаў і саўгасаў гаруча-змазачнымі матэрыяламі будзе ажыцьцяўляцца, так бы мовіць, "з колаў". Вынікам гэтага можа быць толкі адное – паўтор горкага досьведу мінулага году, калі сяўба праводзілася ў запозьненыя тэрміны.

Надзея на посьпех ў веснавой сяўбе толькі адна – на авансы пад будучы ўраджай ды банкаўскія крэдыты. Як паведаміў на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі старшыня Нацыянальнага банку Пятро Пракаповіч, на веснавую сяўбу 2000 году Нацыянальны банк павінен выдаткаваць крэдыт 11 мільярдаў рублёў. З гэтае сумы 7 мільярдаў ужо выдадзеныя. Ды яшчэ 40 мільярдаў рублёў будуць выдаткаваныя камэрцыйнымі банкамі.

Галоўны банкір не сказаў толькі пра тое, што буйное ўліваньне грошай у аграрны сэктар зноў падштурхне інфляцыю ў краіне.

Дзіўным застаецца тое, што, як на аграрнай нарадзе, гэтак і ў сваім "парлямэнцкім" пасланьні А.Лукашэнка толькі ўзгадаў пра тое, што трэба "неадкладна зьліквідаваць запазычанасьць у выплатах заробкаў у аграрным сэктары". Але гэта гучала ўжо ня раз. І невядома калі гэта "неадкладна" (пад час сяўбы ці пасьля). І коштам якіх сродкаў?

XS
SM
MD
LG