Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Паводле апошніх дадзеных навукова-дасьледнага Інстытуту працы, ад 600 тысячаў да 1,5 мільёна грамадзянаў Беларусі працуюць за мяжою або хацелі б знайсьці там працу.

Сярэдні заробак у Беларусі сёньня – каля 30 даляраў. Гэта значна менш, чым у суседзяў, ня кажучы пра краіны сталае дэмакратыі. І зьніжэньне жыцьцёвага ўзроўню працягваецца. Людзі вымушаныя шукаць альтэрнатыву. Як правіла – за мяжою.

Сацыялягічнае дасьледваньне, праведзенае НДІ працы, паказала: 25 адсоткаў апытаных грамадзянаў працаздольнага веку маюць цьвёрды намер працаваць за мяжою. Сярод найбольш верагодных прэтэндэнтаў на часовую міграцыю – навуковыя супрацоўнікі, прадпрымальнікі, рабочыя высокае кваліфікацыі, моладзь.

Найбольш прыцягальныя кірункі – краіны Заходняй Эўропы: 73 адсоткі рэспандэнтаў выбралі менавіта гэты напрамак. Другое месца паводле маштабу міграцыйнае плыні займаюць ЗША й Канада. Краіны Ўсходняй Эўропы не карыстаюцца значнай увагаю, аднак і тут ёсьць свая гіерархія: Польшча, Чэхія, Славакія. Найменшае жаданьне паспрабаваць сілы ў краінах СНД і Балтыі. Сярод прыярытэтаў, пераважна паводле тэрытарыяльнае прыкметы, – Расея, Украіна, Летува.

Рэальна за апошнія 5 гадоў Беларусь пакінулі больш за 100 тысячаў жыхароў. Бальшыня зьехала назаўжды. Апошнім часам колькасьць тых, хто ад'яжджае на сталае жыхарства, быццам бы стабілізаваліся на адзнацы 7-8 тысячаў у год. Затое колькасьць сэзонных працаўнікоў упарта расьце – ад 1300 чалавек у 1994 годзе (а менавіта з гэтага часу вядзецца статыстыка празь фірмы) да 5000 – у 99-м.

Паводле начальніка ўправы вонкавае працоўнае міграцыі Анатоля Лемешава, падставовы матыў для абсалютнае бальшыні – паляпшэньне матэрыяльнага становішча сваіх сем'яў. Аднак, у жыцьці часта атрымліваецца йнакш.

ЗША, Канада, Аўстралія, краіны Заходняй Эўропы ня маюць пагадненьняў з Беларусьсю наконт абмену працоўнымі рэсурсамі. Перш за ўсё гэта азначае, што аніякіх гарантыяў і абароны часовы мігрант мець ня будзе. Адпаведныя пагадненьні пакуль існуюць толькі з шасьцю дзяржавамі: Расеяй, Украінаю, Малдоваю, Казахстанам, Летувою і Польшчаю. На роўні Савету міністраў распрацоўваюцца праекты з Арменіяй, Чэхіяй, Славакіяй, Югаславіяй, ААЭ.

Але пакуль шэраг краінаў інтэгруецца ў эўрапейскую супольнасьць, пэрспэктывы хуткіх вынікаў адтэрміноўваюцца. Бальшыня краінаў па-ранейшаму прытрымліваецца дыфэрынцаванага падыходу да найму рабочае сілы. Напрыклад, у Нямеччыне, якая найбольш прываблівае беларускага абываталя, з 6 мільёнаў працоўных мігрантаў 2 мільёны прыходзіцца на долю туркаў. Зразумела, што шанцы на папаўненьне інтэрнацыянальных шэрагаў тут роўныя нулю.

Паколькі рынкі працы ў васноўным ужо падзеленыя, многія едуць нелегальна. 34 адсоткі апытаных супрацоўнікамі НДІ працы гатовыя працаваць за мяжою нелегальна. Экспэрты сьцьвярджаюць, што зараз за межамі краіны працуе прыблізна 50 тысячаў беларускіх нелегалаў. Больш дакладную інфармацыю атрымаць цяжка: палова са 137 фірмаў-пасярэднікаў, якія атрымалі ліцэнзіі на гэтую дзейнасьць, або перасталі йснаваць, або знаходзяцца на мяжы краху. У выніку шмат якія прэтэндэнты, падпісаўшы канкрэтныя ўмовы на аплату працы, на месцы сутыкаюцца з далёкімі ад кантракту рэаліямі.

Але нават гэта ня можа паўплываць на агульны настрой беларускага люду. Праведзеныя на працягу 97-99 гг. апытаньні выпускнікоў сярэдніх школаў толькі пацьвяржаюць, што агульная тэндэнцыя наўрад ці зьменіцца: 37 адсоткаў навучэнцаў старэйшых класаў будуць імкнуцца за мяжу. Слабым суцяшэньнем можа служыць толькі сытуацыя ў вёсцы. Ледзь ня 100 адсоткаў сялянаў, калі меркаваць па выніках апытаньня, за мяжу ня ймкнуцца.

XS
SM
MD
LG