Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

На сёньняшні дзень барысаўскія лякарні фактычна спынілі шпіталізацыю хворых. Больш падрабязна пра крытычную сытуацыю, што склалася ў гэтым 150-тысячным горадзе з аховаю здароўя, распавядае наш карэспандэнт.

Намесьнік галоўнага лекара Барысаўскае гарадзкое больніцы Леанід Чур, зь якім я сустрэўся ўчора, пацьвердзіў зьвесткі пра фактычнае згортваньне прыёму хворых. Ва ўсім, паводле словаў спадара Чура, вінаваты жабрачы фінансавы стан. Бюджэтных сродкаў хапае толькі на выплату больш чым сьціплых заробкаў мэдыкам і на гэткае ж сьціплае харчаваньне хворых. Амаль не засталося перавязачных матэрыялаў, сьпірту, шмат якіх лекаў. Больніца запазычылася тутэйшым пральням і аптэкам больш як 100 мільёнаў рублёў.

Доктар сумна пажартаваў: маўляў, больніца перапрафілявалася ў сваеасаблівы шпіталь "хуткае дапамогі", калі людзей сюды кладуць толькі дзеля таго, каб уратаваць ад вострых апэндыцытаў, цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, атручваньняў і гэтак далей. Вось чаму, напрыклад, нядаўна было адмоўлена ў шпіталізацыі вялікай групе хворых, якім трэба было рабіць хірургічныя апэрацыі. Было вырашана, што яны яшчэ пацерпяць, не памруць.

Цікава, што барысаўскія больніцы перасталі шпіталізаваць нават інвалідаў 2-й Усясьветнай вайны. Як такое здарылася з 76-гадовым жыхаром гораду Барысам Бялявіным. Цяпер у яго зноў абвастрылася хвароба сэрца, але яго не шпіталізуюць. Хаця родныя двойчы за апошнія тры дні выклікалі "хуткую дапамогу".

Гаворыць дачка спадара Бялявіна Галіна:

"Завезьці яго ў больніцу адмовіліся. Патлумачылі, што ёсьць загад: новых хворых у больніцу ня класьці. Што будзе з бацькам далей – ня ведаю. Яму ўжо 76 год. Чалавек прайшоў вайну. Кантужаны. Лічу, што гэткае абыходжаньне з людзьмі паважнага веку зьяўляецца барбарствам".

А вось якая размова ў мяне адбылася зь фельчаркаю станцыі "хуткае дапамогі" Валянцінай Ялісеевай:

(Карэспандэнт: ) "У вас зараз ёсьць на выклікі належныя мэдыкамэнты?"

"Не хапае сардэчных, абязбольваючых сродкаў. Сто год не бачылі мы "баральгіну". "Но-шпа" толькі дзеткам выдаецца", – заўважыла спадарыня Ялісеева.

Вось што распавяла пра сытуацыю ў больніцах Барысава актывістка БСДП ("Народная Грамада") Ларыса Грэбнева, якая ў сваёй партыйнай арганізацыі адказвае за сувязі з мэдычнымі работнікамі.

(Грэбнева: ) "Больніцы нашага гораду калі ў скрайніх выпадках каго й прыймаюць, людзі мусяць несьці з сабою свае мэдыкамэнты. Лекі вельмі дарагія – ня кожнаму па кішэні. І самае жахлівае тое, што ў мэдычных установах няма аднаразовых шпрыцоў. Дарэчы, Бялявіну брыгада "хуткае дапамогі" рабіла ўкол шматразовым шпрыцом. Праз усё гэта па гораду даўно ходзіць гепатыт "B" i "C". На гэту хваробу ў Барысаве пакутуюць сотні людзей. Сярод іх шмат дзетак нашых".

Спадарыня Грэбнева паказала мне апошні нумар незалежных "Барысаўскіх Навінаў", дзе надрукаваны артыкул пра тое, што ўвесь папярэдні тыдзень страйкавала мясцовая брыгада Менскай абласное спэцыялізаванае рамонтна-тэхнічнае ўправы "Мэдык". Брыгада даглядае сантэхнічнае і электратэхнічнае начыньне гарадзкіх мэдычных установаў. І спыніла яна страйк толькі тады, калі сталічнае начальства выплаціла па 20 тысячаў рублёў кожнаму. У лік заробкаў за студзень. Але брыгада, – паведамлялася ў газэце, – практычна не працуе, бо ня мае належных матэрыялаў для рамонту. Можна толькі здагадвацца, што здарыцца, калі аднойчы ў апэрацыйным пакоі патухне сьвятло?

XS
SM
MD
LG