Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Расейскі Цэнтральны музэй узброеных сілаў адмовіў Беларускаму дзяржаўнаму музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў разьмяшчэньні ў ягонай экспазыцыі з 16 па 21 красавіка Сьцяга Перамогі, які захоўваецца ў цяпер Маскве.

Дырэктар Беларускага музэя гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Генадзь Баркун паведаміў "Радыё Свабода", што адмову расейскага Музэя ўзброеных сілаў ён атрымаў пакуль што толькі вусна. Яму патэлефанілі й сказалі, што вывозіць з маскоўскага сховішча Сьцяг Перамогі забараніў новаабраны прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.

Пра матывы такога рашэньня спадару Баркуну пакуль нічога не паведамілі, і пра іх ён можа толькі здагадвацца. "Магчыма, было нейкае заключэньне навуковай экспэртызы, што палічыла небясьпечным для тканіны сьцяга зьмену мікраклімату яго захоўваньня", – лічыць Генадзь Баркун.

Гэтая акцыя – часовае экспанаваньне ў Менску найважнае ваеннае рэліквіі – Сьцяга Перамогі – у гонар 55-й гадавіны перамогі ў мінулай вайне – была ініцыяваная менавіта расейскім бокам.

Беларускі музэй выказаў захапленьне ад такое магчымасьці, асабліва задаволеныя былі вэтэранскія арганізацыі. Старшыня Рэспубліканскае рады Беларускага таварыства вэтэранаў Анатоль Новікаў паведаміў, што ўсе беларускія вэтэраны вельмі хацелі пабачыць гэты сьцяг у музэі і сфатаграфавацца на ягоным фоне.

Анатоль Новікаў не гатовы пакуль даваць ацэнку адмове з расейскай сталіцы. Адная справа, калі гэта вынікае з абгрунтаванага клопату пра захаваньне рэліквіі, а другая – калі ёсьць нейкія іншыя матывы. Калі ж і ёсьць нейкія іншыя матывы, напрыклад палітычныя, дык, зразумела, ніхто пра гэта адкрыта гаварыць ня будзе.

У менскім музэі ўжо зрабілі адмысловую гэрмэтычную вітрыну для Сьцяга Перамогі. І раней дырэктар музэю Генадзь Баркун не зьвязваў гэтую прапанову расейцаў зь нейкімі інтэграцыйнымі працэсамі, проста лічыў яе жэстам добрае волі, паколькі й вайна, і перамога былі агульнымі.

Аднак, як вядома, гэты сьцяг за 55 гадоў ніколі не пакідаў межаў Масквы, яму быў прысьвечаны адмысловы ўказ прэзыдэнта Ельцына, што рэглямэнтуе выкарыстаньне рэліквіі толькі ў самыя ўрачыстыя моманты. Натуральна, што гэты ўказ і стаў нарматыўнай базаю для адмовы вывазу сьцяга за межы Музэя ўзброеных сілаў.

Генадзь Баркун спадзяецца, што нешта высьветліцца пад час візыту ў Менск расейскага міністра культуры Міхала Швыдкога, які распачаўся 14 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG