Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

Сёньня ў Віцебску адбылося не зусім звычайнае мерапрыемства – круглы стол на тэму "Ці патрэбны нашым народам саюз паміж Беларусьсю і Расеяй?". У ім бралі ўдзел прадстаўнікі Віцебску і Смаленску.

Не зусім звычайнае таму, што ўпершыню гэта была сустрэча не на афіцыйным узроўні – уладаў з уладамі. Дыскусію вялі сябры віцебскіх суполак апазыцыйных партыяў і арганізацыяў: БСДП (Народная грамада), Аб'яднанай грамадзянскай і Камуністычнай партыі беларускай, Руху БНФ "Адраджэньне", Таварыства беларускай мовы, Асацыяцыі недзяржаўных прадпрыемстваў і іншыя, а з боку Смаленску – дэпутаты гарадзкога Савету, прадстаўнікі Камуністычнай партыі Расейскай Федэрацыі. На жаль, па аб'ектыўных прычынах не змаглі прыехаць чальцы "Адзінства". Але, як запэўнілі госьці, па дадзенаму пытаньню ў іх разыходжаньняў няма.

Пад час дыскусіі смаленцы атрымалі дадзеныя перапісу насельніцтва, а таксама сацыялягічных апытаньняў па гэтай праблеме ў рэспубліцы, былі разгледжаныя хібы гандлёвых адносінаў паміж краінамі. Як адзначыў віцебскі прадпрымальнік Андрэй Рамановіч, нашыя людзі хочуць мець аднолькавыя зносіны з усімі суседзямі, а што тычыцца Расеі, то, на жаль, чым больш усялякіх дамоваў, тым цяжэй працаваць бізнэсоўцам. "Мы за эканамічныя зносіны, але бяз шкоды нашаму суверэнітэту", – падкрэсьліў ён.

Сакратар віцебскай гарадзкой арганізацыі ПКБ Галіна Барэйка запэўніла, што яе паплечнікі былі і будуць за саюз, але казаць пра стварэньне адзінае дзяржавы сёньня пакуль немагчыма. Няхай кожны сьпярша навядзе парадак ў сваёй хаце.

Галоўным аргумэнтам расейцаў стаўся, канешне ж, тэзіс пра нашае агульнае паходжаньне і братэрства. Старшыня смаленскага савету ветэранаў вайны Владзімір Загарадзкі намаляваў прыкрую карціну сучаснага разбурэньня эканомікі Расеі і выказаў думку, што прыклад Беларусі, якая за кошт моцнай вертыкальнай улады, нібыта, змагла захаваць сваю прамысловасьць, калгасы і саўгасы, дапаможа падняцца і ім.

Нечаканым адкрыцьцём для гасьцей зьявіліся факты пра сапраўднае становішча ў беларускай гаспадарцы і асабліва пра тое, што зусім не 90% беларусаў, як тлумачаць нашыя афіцыйныя СМІ, мараць пра яднаньне з Расеяй. Прэсавы сакратар смаленскага гарсавету Валеры Кузьняцоў казаў пра немагчымасьць братам абараняцца ад ворагаў паасобку, пра набліжэньне агрэсыўнага блёку НАТА і пра Лукашэнку як кіраўніка-дзяржаўніка. На што было згадана: дзяржаўнік, але не сваёй дзяржавы, і што нам пакуль яшчэ ніхто не пагражае.

Вялікай праблемай расейскія камуністы бачаць тое, што ў іх недастаткова магчымасьцяў для прапаганды сваіх ідэяў, бо сродкі масавай інфармацыі ў руках правячай эліты. Гэта беларусам добра знаёма, аднак свабоду слова там і тут нават параўнаць нельга.

Лідэр абласной арганізацыі БНФ "Адраджэньне" Васіль Шалухін на прыкладзе Віленшчыны, Беласточчыны і той жа Смаленшчыны пераканаўча давёў, што як толькі нейкая зямля трапляе ў склад іншае дзяржавы, яе народ хутка губляе ўласныя рысы і асімілюецца. "Аб'яднаньне ёсьць зьнішчэньнем нацыі, – падсумаваў ён, – і беларусы гэта пачынаюць разумець".

У выніку, як было асабіста падкрэсьлена, усе засталіся пры сваіх поглядах, але госьці паабяцалі шчыра давесьці думкі беларускіх дэмакратаў да сваёй грамадзкасьці. Вырашана ў бліжэйшы час зноў сустрэцца ўжо ў Смаленску пры больш шырокім коле ўдзельнікаў з расейскага боку і абмеркаваць іншыя пытаньні аб'яднаньня.

XS
SM
MD
LG