Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

З заўтрашняга дня ў Беларусі ў два разы павялічваецца кошт электрычнасьці для насельніцтва.

Ініцыятыва падаражаньня электрычнай энэргіі для насельніцтва належыць Міністэрству эканомікі. У міністэрскай пастанове паведамляецца, што з 15 красавіка адна кіляват-гадзіна электраэнэргіі будзе каштаваць (калі лічыць у "старых" грошах) 3.600 рублёў.

Паводле тлумачэньня афіцыйных асобаў, сутнасьць новаўвядзеньня – у адзіным тарыфе для ўсіх грамадзянаў краіны. Інакш кажучы, скасоўваецца нармаваньне электрычнасьці, якое ажыцьцяўлялася ў залежнасьці ад складу сям'і.

Энэргетычная палітыка, якой чыноўнікі прадказвалі доўгую будучыню, завяршылася, такім чынам, правальным вынікам. Хапіла сямі з паловаю месяцаў гэтае палітыкі, каб паставіць на ёй крыж. Доктар тэхнічных навук зь Інстытуту эканомікі Нацыянальнай Акадэміі навук Васіль Ермашкевіч, які займаецца пытаньнямі энэргетыкі й эканомікі ў гэтай сфэры, сумны лёс экспэрымэнту пракамэнтаваў для нашага радыё наступным чынам:

"Вы ведаеце, ён з самага пачатку няправільна трактаваўся. Вось у чым сутнасьць. Вызначаліся нормы спажываньня электрычнасьці, за якія жыхары разьлічвалася па ільготным кошце, а за іх перавышэньне грамадзянам трэба было плаціць у 5 разоў даражэй. З пункту гледжаньня эканомікі – усё слушна. Але ў нас няправільна тлумачылі. Нібыта гэта падвышэньне. Ня ў 5 разоў падвышэньне, а "аплочваць па сабекошце" трэба было гаварыць. Тады ўся энэргаашчадная палітыка, зьвязаная з выключэньнем лямпачак, на месца стане", – мяркуе доктар навук Васіль Ермашкевіч.

Сапраўды, нармаваньне электраэнэргіі выклікала ў беларускім грамадзтве бурную адмоўную рэакцыю. Пераважная бальшыня грамадзянаў запатрабавала вяртаньня да ранейшае практыкі, калі аплата электраэнэргіі ня мела прыкметнае сувязі з колькасьцю "спаленых" кіляват-гадзінаў. І калі ашчаднае выкарыстаньне электрычнасьці аніякім чынам не заахвочвалася.

З другога боку, на адмоўнае стаўленьне насельніцтва да нармаваньня, на думку экспэртаў, паўплывала беднасьць жыхароў Беларусі. Але іхныя спадзяваньні, што ўлады зьнізяць вартасьць электраэнэргіі, ня спраўдзіліся. Наадварот, з 15 красавіка для пераважнае бальшыні грамадзянаў яна будзе каштаваць удвая даражэй.

Міністэрства эканомікі абгрунтавала гэта неабходнасьцю пераводу айчыннай энэргетыкі на рынкавыя рэйкі. Маўляў, прадпрыемствы болей ня ў стане несьці на сваіх плячох энэргетычны цяжар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG