Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Старшыня выканаўчага камітэту Берасьцейскае вобласьці Васіль Даўгалёў выклікаецца ў Менскі гарадзкі суд для дачы паказаньняў у справе экс-прэм'ера Міхала Чыгіра.

Сёньня судзьдзя Аляксандар Васілевіч абвесьціў, што Васіль Даўгалёў выкліканы на працэс на наступны панядзелак. Суд цікавіць эпізод, зьвязаны з узычэньнем камэрцыйнай фірме "Піаск" адтэрміноўкі выплаты мытаў. Гэтае рашэньне, паводле Міхала Чыгіра, прымалася ім не аднаасобна, а на падставе заключэньня ўрадавае валютна–крэдытнае камісіі, якая выказалася за такую адтэрміноўку. Міхал Чыгір гэтак патлумачыў удзел Васіля Даўгалёва ў гэтым рашэньні:

(Чыгір: ) "Даўгалёў браў удзел у паседжаньні валютна-крэдытнай камісіі і браў удзел у прадстаўленьні адтэрміноўкі па аплаце мытных плацяжоў фірме "Піаск". Ёсьць пратакол допыта, дзе ён сказаў, што было дакладзена аб сытуацыі, аб просьбе "Піаска", і сыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасьці было прынятае такое рашэньне, я падтрымаў такое рашэньне".

Тады, у 1995-м годзе, Васіль Даўгалёў узначальваў Кантрольную палату і, згодна з займаемай пасадаю, уваходзіў у валютна-крэдытную камісію. Міхал Чыгір спадзяецца, што ён шчыра распавядзе, як прымалася рашэньне адносна фірмы "Піаск". Таксама экс-прэм'ер мяркуе, што ўдасца паставіць кропку ў спрэчцы са сьледзтвам пра тое, колькі ж чалавек налічвала гэтая камісія.

Міхал Чыгір кажа, што сьледзтва наўмысна завышае колькасьць, каб атрымалася, што кворуму не было й рашэньне незаконнае. У такім разе, сапраўды, многае будзе залежыць ад Васіля Даўгалёва, ад ягонай здольнасьці дакладна ўзгадаць тое, што было 5 гадоў таму. Але яшчэ застаецца пытаньне, ці пажадае галоўны "вэртыкальшчык" Берасьцейшчыны Даўгалёў узгадваць гэтыя падзеі? Міхал Чыгір спадзяецца, што пажадае.

Нечаканы сюрпрыз атрымалі сёньня прысутныя ад пракурора Віктара Жынгеля. Ён заявіў хадайніцтва аб далучэньні да матэрыялаў справы копіі аднаго дакумэнта з натарыяльнае канторы, і, насуперак волі абароны, свайго дамогся. Дакумэнт тычыцца камэрцыйнае фірмы "Каруна".

Нагадаю, сьледзтва сьцьвярджала, што Міхал Чыгір быў сузаснавальнікам гэтае фірмы, аднак у судзе ўжо было даказана, што прад'яўлены сьледзтвам подпіс ў статутных дакумэнтах "Каруны" Чыгіру не належыць. Здавалася б, гэтым пастаўленая кропка. Але пракурор Жынгель гэтак ня лічыць. Чаму?

(Жынгель: ) "Ведаеце, я з гэтай нагоды ўсё скажу, калі буду выступаць".

Гэта быў пракурор Віктар Жынгель, які падтрымлівае абвінавачваньне Міхала Чыгіра й здаваць свае пазыцыі не зьбіраецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG