Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 красавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

15 і 22 красавіка беларускія ўлады зьбіраюцца правесьці гэтак званы "рэспубліканскі суботнік". Віцэ-прэм'ер Замяталін ужо заявіў, што гэта ня будзе нейкай паказной акцыяй, але рэальным рабочым днём на карысьць грамадзтва. Прычым, нехта ў суботнік будзе працаваць на сваім асноўным месцы, нехта на добраўпарадкаваньні гораду, а хтосьці проста пералічыць свой дзённы заробак у бюджэт дзяржавы. А як людзі ставяцца да самой ідэі правядзеньня суботніку?

У бальшыні людзей няма адназначнага адказу на пытаньне, ці трэба праводзіць дні бясплатнае працы й ці могуць такія акцыі хоць нечым дапамагчы эканоміцы краіны.

Для моладзі ўдзел у суботніку – пытаньне навогул не актуальнае, і бальшыня адказаў была кшталту таго, што "нас гэта не цікавіць і мы пра гэта нічога ня чулі".

Іншае стаўленьне ў людзей сярэдняга веку, якія памятаюць савецкія часы й традыцыю "камуністычных суботнікаў", якія прымяркоўваліся да 22 красавіка, дня нараджэньня Ўладзімера Леніна…

(Карэспандэнт: ) " Скажыце, як Вы ставіцеся да рашэньня ўладаў правесьці рэспубліканскі сыботнік?"

(Пракапеня: ) "Як? Выдатна. Сыботнік будзем праводзіць абавязкова, я бясплатна буду працаваць. Гэта абавязак наш. Так трэба. Хачу сказаць, што мы будзем жыць добра. Яшчэ трошачку – і ўсё ў нас будзе нармальна. Я – за Лукашэнку",

– паведаміла Ніна Пракапеня.

Праўда, падобных думак больш ніхто з маіх суразмоўцаў не выказваў.

Зрэшты, няшмат было й тых, хто думае таксама, як Андрэй і Сьвета…

(Андрэй: ) "Мне ўсё роўна. Нічога добрага з гэтага ня будзе. Я ўжо ні ў чым ня ўпэўнены. Людзям ад гэтага лепш ня будзе".

(Сьвета: ) "А нашто? Прайшлі тыя часы, калі людзі хадзілі на сыботнікі. Мне здаецца, нашай дзяржаве трэба браць прыклад з разьвітых замежных краінаў, каб выйсьці з гэтага крызысу".

Бальшыня мінакоў усё ж лічыць, што суботнік – справа хутчэй патрэбная. Вось тыповыя адказы, якія далі Тацяна, Саша, Алег і Анжэліка:

(Тацяна: ) "Я ня ведаю, наколькі гэта ўсё будзе карысна. У прынцыпе, можа будзе чысьцей трошку. Я ў дзіцячым садку працую, мы гэты сыботнік правядзем не ў сыботу, але проста ў працягу тыдня, усё прывядзем да ладу, а спэцыяльна ў сыботу зьбірацца ня будзем – сэнсу няма".

(Саша: ) "Ну гэта ж звычайная справа. Заўсёды гэта пазьней рабілі. Там дзе мы жывем – дом вялікі, дык навесьці парадак пасьля зімы можа людзі і зьбяруцца, паглядзяць адно на аднаго, нейкую справу зробяць, ня кожны для сябе… Можа гэта зьяднае людзей. Я – немалады чалавек. Гэтыя сыботнікі заўсёды, колькі я жыву, нас аб'ядноўвалі. МСы маглі пакантактаваць".

(Алег: ) "Я пастараўся б паўдзельнічаць, але па часе ў мяне не атрымаецца. Хацелася б, каб горад быў чыстым, каб было прыемна ў ім знаходзіцца. Я думаю, кжнаму грамадзяніну нашага гораду і нашай рэспублікі было б прыемна адчуваць сябе добра ў чыстым горадзе".

(Анжэліка: ) "22 красавіка, сыботнік? Я ня супраць сыботнікаў".

(Карэспандэнт: ) "Чаму?"

(Анжэліка: ) "Чаму? Я так лічу, што сыботнік існуе для таго, каб навесьці парадак і чысьціню ў краіне".

Прычым, ніхто з апытаных ня здолеў адказаць на пытаньне – чаму ж у іншых эўрапейскіх краінах аніякіх суботнікаў ніхто не праводзіць, а жывуць там людзі ў шмат разоў лепей, чым беларусы?

XS
SM
MD
LG