Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 красавіка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Былыя прадпрымальнікі сталічнага "Камароўскага рынку" сёньня зноў апынуліся ў цэнтры гучнага скандалу.

Прадпрымальнікі, якія раней працавалі на "Камароўскім рынку", ужо другі тыдзень месьцяцца на кірмашы трактарнага заводу. На пачатку красавіка Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт гвалтоўным чынам перасяліў іх на пэрыфэрыю, матывуючы тым, што на цэнтральным кірмашы яны заміналі будаўніцтву новай аўтастаянкі. Аднак сёньня зранку "перасяленцаў" сустрэў на новым месцы міліцэйскі нарад.

Вось што заявіў гандлярам міліцэйскі начальнік:

"Падпалкоўнік міліцыі Навіцкевіч Уладзімер Сьцяпанавіч. Вы разумееце, гэта вуснае распараджэньне. Была нарада, на якой мэр гораду сказаў, што варта часова забараніць гандаль на тэрыторыі стадыёна "Трактар", – патлумачыў падпалкоўнік Навіцкевіч, які, як пазьней высьветлілася, зьяўляецца намесьнікам начальніка Заводзкага РАУСу Менску.

Аднак прадпрымальнікі напачатку такому тлумачэньню не паверылі. Па-першае, у нас, – пачалі даводзіць міліцыянтам гандляры, – ёсьць усе дакумэнты на гандаль. Па-другое, менавіта мэр Менску Міхал Паўлаў, паводле словаў прадпрымальнікаў, ажыцьцяўляў іх "перасяленьне" з "Камароўскага рынку" на кірмаш трактарнага заводу. І таму, маўляў, Паўлаў ня мог даць такое распараджэньне.

Міліцыянты ў адказ заявілі, што будуць цьвёрда выконваць распараджэньне мэра й не пацерпяць непадпарадкаваньня. Пасьля гэтага стыхійны натоўп гандляроў вылучыў са сваіх шэрагаў каля сарака прадстаўнікоў з мэтаю высьвятленьня сапраўднасьці дырэктывы. Прадстаўнічая дэлегацыя накіравалася ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт.

Там нечаканы візыт прадпрымальнікаў быў успрыняты з варожасьцю. Сталічныя ўлады спачатку наадрэз адмовіліся размаўляць зь імі. Некаторыя чыноўнікі раілі ахове будынка выкінуць дэлегацыю на вуліцу. Насьпяваў скандал.

Урэшце рэшт кіраўніцтва выканаўчага камітэту пайшло на перамовы. Спачатку прадпрымальнікаў прыняў намесьнік старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Валянцін Байдак. Аднак перамовы зь ім абурылі гандляроў. Байдак заявіў, што іх з "Камароўкі" ніхто не праганяў, і што прадпрымальнікі на ўласнае жаданьне вырашылі папрацаваць на новым месцы. Але працаваць там нельга, паколькі, маўляў, тэрыторыя трактаразаводзкага кірмашу пакуль што не прыстасаваная да гандлю.

Пасьля такога прыёму былыя "камароўскія" гандляры заявілі, што без сустрэчы з галоўным менскім "вэртыкальшчыкам" не пакінуць будынак выканаўчага камітэту. І калі той адмовіцца размаўляць з прадпрымальнікамі, яны будуць начаваць у прыёмнай Міхала Паўлава.

Каля гадзіны чыноўнікі ўгаворвалі гандляроў пакінуць прыёмную старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. Аднак дарэмна. Нарэшце, Паўлаў адважыўся выйсьці да прадпрымальнікаў. Ён сказаў ім, што асабіста не даваў указаньня спыніць зь сёньняшняга дня гандаль на кірмашы трактарнага заводу. І што ён высьветліць, каму спатрэбілася сварыць улады й народ.

"Я высьветлю, дзе там мафія, а дзе ня мафія. Задача: забясьпечыць нармалёвую працу людзям, каб яны не дрыжэлі. Да 1 траўня можаце працаваць. Гэта я абяцаю вам як старшыня гарвыканкаму. За гэты час мы вырашым пытаньне: што рабіць далей. Каб вас не ганялі. Вось гэта задача ўлады. І я гэтым буду займацца", – заявіў прадпрымальнікам Паўлаў.

Аднак былыя "камароўскія" гандляры пакідалі яго прыёмную бязь цьвёрдае веры ў ягоныя словы. Яны ня ўпэўненыя, што ўжо заўтра не паўторыцца зь імі сёньняшняя сумная гісторыя.

XS
SM
MD
LG